Re1ikt сыходзіць са сцэны

Перад развітаннем з канцэртнай дзейнасцю, Re1ikt вырашыў зайграць восеньскі сольны канцэрт.

re1ikt_photo_3.png

Мінскі гурт Re1ikt зробіць перапынак у канцэртнай дзейнасці, каб завяршыць працу над новым, шостым студыйным альбомам.

 «Мы ўжо нарыхтавалі дастаткова ідэяў для стварэння новага альбому, нават пачалі запісваць першыя дэма. Таксама вызначыліся з яго канцэпцыяй. Таму нам патрэбны час, каб спакойна пабыць у сваёй студыі і зрабіць паўнавартасныя кампазіцыі, бо канцэрты вельмі адцягваюць увагу і забіраюць час, асабліва калі гэта сольныя выступы», — кажа лідар гурта, бубнач Аляксандр Дземідзенка.

«Магчыма, Re1ikt будзе з’яўляцца на нейкіх фестывалях ды імпрэзах, але вялікіх сольных канцэртаў не чакаецца ажно да вясны. Але на развітанне мы вырашылі зайграць восеньскі сольны канцэрт перад «творчым адпачынкам», — дадае музыка.

re1ikt_graf_vert.jpg

Гурт амаль цалкам выканае апошнія альбомы 9 верасня ў клубе «Графіці»: адно з аддзяленняў будзе складацца з песень з дыску «Liekavyja Travy» (2015), другое — з кружэлкі «Kufar» (2016).

У альбом «Liekavyja Travy« ўвайшлі народныя песні з розных куткоў палескага і іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама кампазіцыі, складзеныя ўдзельнікамі каманды паводле твораў класікаў беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага і Якуба Коласа.

Дыск быў добра прыняты слухачамі і крытыкамі ды атрымаў шэраг узнагарод: «Альбом года» — прэмія «Даём рады»; «Найлепшы рок-альбом», «Прыз народных экспертаў», «Прыз штатных экспертаў» — партал Experty.by і інш. Найлепшым «Liekavyja Travy» таксама назваў амерыканскі тэлевядучы Мэт О’Донэл.

 


 Альбом «Kufar» запісваўся ў Польшчы паралельна з альбомам «Liekavyja Travy» і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. У яго ўвайшлi і шматлікія бонус-трэкі «незвычайнага» Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе (напрыклад, стадыённы хіт «Razam» — гімн футбольнага клуба «Крумкачы», а таксама джаз-рокавы дуэт «Tolki shieh» з саксафаністам Krambambula Паўлам Аракелянам).

Па выніках мінулага года «Kufar» трапіў у топ-10 тэлевядучага Сяргея Філімонава, кінакрытыка Максіма Жбанкова, радыёжурналіста Дзіны Кудрэйкі, рэдактара партала «Тузін гітоў» Сяргея Будкіна і беларускага музычнага эксперта Змітра Падбярэзскага


Re1ikt — гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. Re1ikt крэатыўна выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты, а таксама народныя духавыя і перкусійныя інструменты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас.

re1ikt_graf_small.jpg

Сольны канцэрт гурта Re1ikt пройдзе ў клубе «Графіці» (г. Мінск, зав. Калініна, 16) 9 верасня. Пачатак: 20:00.

 Паводле прэс-рэлізу