Вырашаны лёс прэміі імя Ежы Гедройца

3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка, у Палацы мастацтваў уручылі Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца. Гэта новая для беларускай літаратуры прэмія, заснаваная літаральна сёлета. Яе адметнасць у тым, што ганаравацца ёю могуць толькі празаікі, якія пішуць па-беларуску. Пераможца атрымаў 105 мільёнаў беларускіх рублёў ад ЗАТ «Самбелбанк».

Тройка лідараў



5db30d43f3791ae82e8f09070647e4cb.jpg

3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка, у Палацы мастацтваў уручылі Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца. Гэта новая для беларускай літаратуры прэмія, заснаваная літаральна сёлета. Яе адметнасць у тым, што ганаравацца ёю могуць толькі празаікі, якія пішуць па-беларуску. Пераможца атрымаў 105 мільёнаў беларускіх рублёў ад ЗАТ «Самбелбанк».
Тройка лідараў
«Мы не можам тут заставацца! — заяўляла на ўсё фае тэлежурналістка ў ярка-жоўтай куртцы. — Вы, відаць, не разумееце. Выведзіце нам намесніка пасла, лаўрэата, мы запісваем пяць хвілінаў — і ўсё!» Замучаныя арганізатары мармыталі нешта пра тое, што «выводзіць намесніка» не ўваходзіць у іх кампетэнцыю, а імя лаўрэата будзе абвешчана толькі праз гадзіну, але ўрэшце здаліся і паклікалі з залі госця з Гамбурга Альгерда Бахарэвіча. У гэты момант усе, хто сачыў за размовай, глыбока задумаліся.
Абмінаючы гэтую самую гадзінную інтрыгу, скажу, што ў пытанні пераможцы «народ» і «крытыкі» катэгарычна разышліся. Калі ў кулуарах зацята выбіралі паміж дакументальнай аповесцю «След матылька» Аляксандра Лукашука і «ваенным раманам» «Шалом» Артура Клінава, то журы, як выяўлялася, ламала дзіды вакол першынства «Зборнай РБ па негалоўных відах спорту» Паўла Касцюкевіча і «Малой медычнай энцыклапедыяй» Альгерда Бахарэвіча. І калі народнае інтэрнэт-галасаванне з вялікім адрывам выйграў Артур Клінаў, то прафесійнае журы аддало перамогу Паўлу Касцюкевічу.
Другое месца прэміі — права выдання кнігі ў Польшчы і творчую стыпендыю ў Вроцлаве — атрымаў Альгерд Бахарэвіч.
Трэцяе месца (і таксама творчая стыпендыя ва Вроцлаве) дасталося Андрэю Федарэнку за аўтабіяграфічны раман-эсэ «Мяжа».
Без узнагародаў засталіся трое: згаданыя ўжо Артур Клінаў і Аляксандр Лукашук, а таксама Уладзіслаў Ахроменка з яго «кінараманам-фарсам» «Тэорыя змовы».
Для мяне як для гледача вялікай цікавосткай стала прэамбула да ўзнагародаў — чытка акторамі-купалаўцамі Віталём Краўчанкам, Паўлам Харланчуком, Аляксандрам Маўчанавым і Валянцінай Гарцуевай фрагментаў кніжак. Гэта быў самы спакойны момант, калі яшчэ не пачаліся сваркі і звады, боль і горыч, а ўсе мы разам ляцелі да зор. Такога эфекту дамаглася рэжысёр Тацяна Арцімовіч. Авацыі нязменна зрываў Павел Харланчук, чый талент увасабляць, здавалася б, зусім «несцэнічную літаратуру» не ведаў межаў. Яшчэ варта адзначыць высокапрафесійнага Віталя Краўчанку... Музычным аздабленнем цырымоніі стаў джазавы гурт «Рацыянальная дыета».
Скандалы вакол прэміі
Варта пералічыць іх адным блокам, каб больш да гэтай тэмы не вяртацца. У любым выпадку, медыйны розгалас быў створаны значны, і зусім ціха «распілаваць Гедройца» наўрад ці ўдалося б. Такім чынам, па парадку.
Скандал першы. Па выніках абвяшчэння лонг-ліста на прэс-канферэнцыі гучна ляснуў дзвярмі заслужаны беларускі пісьменнік Віктар Карамазаў, чый раман не трапіў у шасцёрку фіналістаў. Аўтар раману «Мастак і парабкі» ахрысціў усю задуму з прэміяй «дзяльбой кабанчыка», скарыстаўшыся метафарай са свайго іншага, хрэстаматыйнага твору, і ў спецыяльным звароце да грамадскасці чарговы раз нагадаў гэтай самай грамадскасці, дзе працуе крытык Людміла Рублеўская, якая, між іншага, напісала на раман «Мастак і парабкі» больш чым добразычлівую рэцэнзію. Карамазаў паставіў пад пытанне маральнасць сяброў журы і намякнуў пра пачатак антыпрэміяльнай кампаніі. Іронія лёсу ў тым, што, калі даваць веры крыніцам, блізкім да журы прэміі Гедройца, гэтае самае журы мела сур’ёзны намер уручыць Віктару Карамазаву спецыяльны прыз — за заслугі перад беларускай літаратурай. Але пасля бескампраміснай адмовы Карамазава мець дачыненне да прэміі пабаялася выглядаць па-дурному і свой намер перагледзела.
Скандал другі. Напярэдадні 3 сакавіка беларускі МЗС фактычна выслаў з краіны аўтара прэміі Гедройца — надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара РП у РБ Лешака Шарэпку. Ясная справа, палітычны скандал разгарэўся зусім не праз любоў дыпламата да беларускай літаратуры, але, як яно заўсёды здараецца, палітыка магла кінуць цень на культуру. На шчасце, да гэтага не дайшло і, па словах вядоўцы цырымоніі Андрэя Хадановіча, інцыдэнт не стаў перашкодай да свята беларускай літаратуры. Прадставіў польскі бок аргкамітэту прэміі часовы павераны ў справах Польшчы Вітальд Юраш.
Скандал трэці. На цырымонію ўручэння атрымаць трэці прыз не прыйшоў Андрэй Федарэнка. Меркаванні ў кулуарах зноў жа падзяліліся. Прыхільнікі творчасці Федарэнкі тлумачылі гэта сціпласцю і неамбітнасцю аўтара. Іншыя ж, наадварот, выводзілі адсутнасць з амбіцый — маўляў, або галоўны прыз, або нічога. Многія згадвалі сяброўства Федарэнкі ў чаргінцоўскім саюзе пісьменнікаў і сцвярджалі, што аўтар проста забаяўся звязвацца з прэміяй, да ўручэння якой у маюць дачыненне «прагнілы Захад» (у асобе Лешака Шарэпкі) і «нячэсны» пісьменніцкі саюз з ПЭН-Цэнтрам за кампанію. Цікава, што на цырымонію ўручэння прасачыўся сябар прызёра — скандальны паэт Сяргей Вераціла. Вераціла адсутнасць Федарэнкі патлумачыў так: «Андрэй сказаў, тут няма з кім побач стаяць!» Чаму, зрэшты, ведаючы дыпламатычнасць аўтара «Мяжы», ніхто не даў веры.
Скандал чацвёрты. Прэмія дасталася Паўлу Касцюкевічу, пры тым, што арганізатарам была яго жонка Марыя Мартысевіч. Асабліва версію «кумаўства» лабіруюць тыя, хто не ўпадабаў кнігу Касцюкевіча або лічыць яго прозу слабой. Сама Мартысевіч у «Фэйсбуку» пракаментавала «свой жыццёвы выбар і выбар журы прэміі Гедройца» наступным чынам: «Ёсць людзі, якія перакананыя, што Павел атрымаў прэмію, таму што я была яе сакратаркай. Але чамусьці ніхто не дапускае, што я выйшла замуж за гэтага чалавека яшчэ і таму, што ён піша крутую прозу». Не было б Мартысевіч, Касцюкевічу непазбежна прыгадалі б, ад бяды, яўрэйскае паходжанне і ізраільскае грамадзянства.
Скандал пяты. Рэжысёр цырымоніі фатальна абышоўся з відэазваротам з Прагі дырэктара «Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука. Ролік на экран праектара не змаглі запусціць ажно тройчы! Урачысты момант быў сур’ёзна сапсаваны.
І, нарэшце, скандал шосты. Калі ўсё скончылася, да Альгерда Бахарэвіча падбег малады чалавек арыйскай знешнасці і са словамі «Гэта за Купалу!» заехаў Бахарэвічу ў твар. Па чутках, маладзён быў падасланы праварадыкальным паэтам Славамірам Адамовічам. Праўда, сведкі сцвярджаюць, што арыец выглядаў вельмі перапужана, а ўдар быў нямоцным. У гэтым святле перамога, аддадзеная Паўлу Касцюкевічу, выглядае з боку журы больш чым асцярожна. Ёсць небяспека, што калі б вялікую, як на Беларусь, суму ўзнагароды атрымаў рэзідэнт Нямеччыны і аўтар кнігі «Гамбургскі рахунак», адным кухталём беларускія нацысты не абмежаваліся б.
Навошта пісьменніку грошы?
Не стамляюся адказваць на гэтае пытанне ў сваіх культаглядах. Яшчэ зусім нядаўна існавала перакананне, што добры пісьменнік — галодны пісьменнік і што вымяраць мастацтва грашыма — нясціпла, непрыгожа і ўвогуле — блюзнерства. На пісьменнікаў крыўдавалі, калі тыя не раздорвалі, а прадавалі кнігі, выдадзеныя, як правіла, уласным коштам. Калі меркаваць па тоне дыскусій вакол прэміі Гедройца, да думкі, што творчая праца павінна заахвочвацца матэрыяльна, у постсавецкай Беларусі яшчэ не прызвычаіліся. Магчыма, праблема ў самой адсутнасці да апошняга часу прэстыжных (чытай — грашовых) прэмій. У тым, што ў нас увогуле баяцца называць публічна суму любых узнагародаў. Зрэшты, са з’яўленнем у 2010 годзе беларускай прэміі «Дэбют» і польска-беларускай прэміі Гедройца з’явілася надзея, што беларуская літаратура пакрысе выпаўзе з гета, а самі прэміі дапамогуць нашым аўтарам «людзьмі звацца».
Новую прэмію Гедройца можна параўнаць з расійскім Букерам, які ўручаецца штогод за найлепшую кнігу прозы на рускай мове і з аналагічнай украінскай Літаратурнай прэміяй імя Джозэфа Конрада, якую з «Гедройцам» родніць яшчэ і тое, што яе заснавальнікі — польскія арганізацыі Украіны, а пераможца выпраўляецца на паўгадавую стыпендыю ў Польшчу і атрымлівае ўзнагароду прыблізна ў 3000 еўра.
У гэтым плане беларускі «Гедройц» дае фору ўкраінскаму «Конраду», але ўсё адно не даганяе Букера, дзе кожны шорт-фіналіст атрымлівае па 2000 долараў, а галоўны прыз складае 20 000 у гэтай валюце.
Зрэшты, калі параўноўваць з суседняй Польшчай, прэмія Гедройца мае сціплы размах. Як слушна падказвае пісьменнік Міхась Андрасюк, 10 000 еўра (прыблізны эквівалент прэміі Гедройца, ад якой, дарэчы, па беларускіх законах аўтаматычна адымуць 12% падаходнага падатку) — памер, напрыклад, літаратурнай прэміі, якую ўручае мэр Беластока, а гэта далёка не самая буйная культурная ўзнагарода Польшчы.
На думку нядаўняга лаўрэата прэміі Конрада Сяргія Жадана (атрымаў яе ў 2011 годзе за раман «Варашылаўград»), «на прэміі арыентуецца чытач, на іх рэагуе крытыка, яны пэўным чынам маркіруюць літаратурны працэс. Для саміх пісьменнікаў, я падазраю, усё гэта не так істотна».
Так ці іначай, пасля 3 сакавіка ўсё часцей можна пачуць пытанне: «А дзе набыць кнігі фіналістаў прэміі Гедройца?» Мне, як патрыёту белліту, гэта прыемна.
Рэдакцыя НЧ віншуе Паўла Касцюкевіча з перамогай, а Альгерда Бахарэвіча і Андрэя Федарэнку — з прызёрствам. Няхай жыве літаратура!
--------------------------------------------------------------------
«Міру — так!»
Слова пераможца прэміі Паўла Касцюкевіча падчас атрымання ўзнагароды
«Апошні раз грамату за сваю творчасць я атрымаў у трэцім класе за конкурс малюнка на асфальце.
Быў 1987-ы. Усё пакуль што не развальвалася, але адназначна сыпалася. Нас, вучняў малодшых класаў 148-й мінскай школы, вывелі на школьны падворак і сказалі маляваць. Кожнаму вылучылі па бетоннай пліце, а пасярод падворка паставілі скрыню, якая нагадвала хутчэй пясочніцу. Скрыня была поўная каляровых крэйдаў.
Я не вялікі аматар малюнка. У дадатак не надта вялікі мастак. Аднак трэба дык трэба. Я ўзяў чорную крэйду і спраўна намаляваў абрыс нейтроннай бомбы. Потым узяў чырвоную крэйду і перакрэсіліў тую бомбу ахайнымі пасочкамі. Потым зноў выцягнуў чырвоны колер і падпісаў усё мастацтва: «Нет войне!»
Да майго здзіўлення, праз некаторы час да мяне падышоў важаты, ці хто там, і ўручыў грамату за ІІІ месца ў конкурсе. Я, вядома, здзівіўся, але значна больш здзівіўся мой сябар Дзяніс Кавалёў, які незалежна ад мяне намаляваў кропля ў кроплю, штрых у штрых, тое ж самае: пазакрэсленую бомбу і надпіс: «Нет войне!»
Мы сталі падазрона азірацца. Да нашага яшчэ большага здзіўлення, мы згледзелі, што астатнія дзеці на суседніх плітах стварылі прыблізна тое ж самае: надпіс «Нет войне!» і ўсякае рознае перакрэсленае: ці то танк, ці то аўтамат, ці то здзекліва намаляваны амерыканскі сцяг. Нават другое месца заняў вучань, які намаляваў перакрэслены грыб атамнага выбуху.
Хто ж узяў першае месца? Урэшце нас падвялі да пліты-пераможцы. Не памятаю, хто быў аўтар, хлопчык ці дзяўчынка, але малюнак памятаю дакладна.
На пліце ў бела-блакітных пастэльных тонах быў выяўлены ўкормлены голуб. Аптымістычны, пазітыўны, жыццядайны. Аўтар нават намаляваў яму ружовы шчочкі. І вось гэты голуб, замест таго, каб трымаць у дзюбе пальмавую галіну з нязмушаным выглядам дажоўваў якогасьці чорнага арла ці каршука, які дзіка аглядаў свет — трэба думаць, у апошні раз — сваім чорным злавесным вокам.
Увесь жывапіс вянчаў надпіс: «Да — миру!».
Гэта стала для мяне першым у жыцці майстар-класам таго, чым ёсць сапраўднае мастацтва».