«Вольнага паветра» не будзе?
На пляцоўцы аграсядзібы Шаблі 15 ліпеня мусіў адбыцца ІХ фестываль "Вольнае паветра". Але 3 ліпеня яго арганізатар Уладзімір Шаблінскі паведаміў, што ў гэтым годзе фэсту не будзе.
Пра гэта Шаблінскі напісаў на сваёй старонцы ў фейсбуку.
У праграме фесту сёлета чакаліся выступы гуртоў «Yegor Zabelov Trio», «The Superbullz», «PomidorOff». Другой і асноўнай часткай фестывалю павінен быў стаць праект «Народны альбом».
Адмена фесту адбываецца па эканамічных прычынах, маўляў, продаж квіткоў адбываецца павольней, чым хацелася б. Як напісаў Уладзімір Шаблінскі: "На акустыку продажы ёсць, на паветра — няма".
Тыя, хто ўжо набыў квіткі на фестываль, могуць наведаць па іх 8 ліпеня акустычны канцэрт Сяргея Міхалка, альбо вярнуць кошт.
Праўда, у адказ на гэтую публікацыю карыстальнікі інтэрнэту заўважылі, што шмат хто набывае квіткі непасрэдна на ўваходзе, а разам з тым прапанавалі сабраць грошы на фестываль праз краўдфандынгавую пляцоўку.