Восеньскае жніво кінафэстаў
Восень — час кінажніва. Два вераснёўскія фэсты сталіся знакам таго, што беларуская кінаіндустрыя змяняецца. (Здымак: http://gallery.signis.by/main.php?g2_itemId=7776)
Восень — час кінажніва. Два вераснёўскія фэсты сталіся знакам таго, што беларуская кінаіндустрыя змяняецца.
(Здымак: http://gallery.signis.by/main.php?g2_itemId=7776)
«Магніфікат–2010» — пераломны год
Фестываль «Магніфікат» з’явіўся на свет у 2005 годзе, на тэрыторыі кляштара ордэна францысканцаў, у вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна, ля помніка святому Максімільяну Кольбэ.
Такі выбар стартавай пляцоўкі невыпадковы. «Магніфікат» — міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў. А святы Максімільян Кольбэ сам друкаваў
газеты, выступаў на радыё.
Старэйшы брат «Магніфіката» — фестываль у мястэчку Максімільяна Кольбэ — Непакалянаве ў Польшчы. Рэжысёр Юры Гарулёў пабываў на гэтым фэсце і стаў нязменным
арганізатарам «Магніфікату».
Заснавальнікі фэсту — Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «Signis-Беларусь», Віцебская рыма-каталіцкая дыяцэзія, студыя «Стоп-кадр» — пры
падтрымцы глыбоцкіх уладаў. «Магніфікат» традыцыйна праводзіўся ў Глыбокім, Мосары і Удзела.
Сёлетні міжнародны фэст, шосты па ліку, пашырыўся і распачаўся не на Віцебшчыне, а ў сталіцы — у Мінскай архікатэдры, што ўвосень святкуе юбілей, прывабіў італьянскіх і польскіх
дыпламатаў. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка выступіў з віншаваннем. Пасля аднадзённых мінскіх сматрынаў фэст вярнуўся на Глыбоччыну.
Сёлетняя праграма была, бадай, наймацнейшая за ўсе гады. Калі напачатку, калі фестываль толькі з’явіўся, Гран-Пры не прысуджалі: майстэрства фільмаў і тэлепраграмаў назапашвалася, то цяпер
фестываль дэманструе фільмы, якія можна ўключаць у падручнікі па кінамастацтве. Вырас узровень і сталых удзельнікаў кінафэсту.
Так, Максім Міхальцоў прадставіў дакументальную карціну «Лямпа не гасне» пра веру і пераадоленне наркаманіі. Колькі гадоў таму рэжысёр паказваў на «Магніфікаце»
сваю раннюю стужку, таксама прысвечаную пякучай праблеме. Карціна была прасякнутая любоўю і спачуваннем, але аўтару бракавала кінематаграфічнага досведу. Цяпер ягоная стужка — па-майстэрску
завершаны дакумент пра Божы провід у людскіх лёсах.
Фестываль адкрыў гледачам новую беларускую студыю — у імя святога Яна Воіна. Іншая карціна гэтай праваслаўнай кінакампаніі — дакументальны фільм «Галоўная роля»
Віталя Любецкага. Гераіня карціны Ксенія прайшла да веры складаны шлях: ад легкадумнага жыцця, наркотыкаў, праз смерць бацькі — да духоўнага ачышчэння. Карціна кранае пранізлівай
спавядальнасцю і хрысціянскім гартам. Аператар стужкі — муж гераіні.
Вольга Дашук распавяла пра «Край Белавежскі». Гэта маўклівая і пластычная замалёўка пра Белавежскія касцёлы і цэрквы, пра гісторыю — і пра прыгажосць створанай Богам
прыроды. Валерыя Скварцова з «Храмавым кальцом Браслаўскага Паазер’я», знятым на «Беларускім відэацэнтры», працягнула тэму архітэктурнай хрысціянскай
спадчыны.
А вось героем стужкі Уладзіміра Арлова стаўся ксёндз-пробашч Чырвонага касцёлу
Уладзіслаў Завальнюк, а дакладней, бернардзінскі крыж з Віленскага кляштара. Падчас воднай пілігрымкі гэты крыж — пад кіраўніцтвам ксяндза-пробачша — быў дастаўлены з Вільні ў
Будслаў.
Айцец Ігар Сабко з украінскага фільму «Зразумець чалавека» на фэсце таксама быў. Карціна Аляксандра Сталярова, складзеная як дзённік і нарысы пра сустрэчы аднакласнікаў і нараджэнне
дачкі — жывы аповед пра любоў, якая застанецца, нават калі і памяць знікае.
А вось расійская карціна Аляксандра Купрына «Экзарх Фёдараў» з зацікаўленасцю расказвае пра кіраўніка рускай грэка-каталіцкай царквы, закатаванага бальшавікамі.
На экране — фільмы Польшчы, Германіі, Аўстраліі, Індыі, Расіі, Грузіі, Літвы, Канады, Харватыі.
Упершыню ў кінафэсце ўдзельнічала і стужка з Іспаніі. Яна была прысвечана «Святому Каласансу», які здзейсніў рэвалюцыю ў адукацыі. Святы адкрыў першую ва ўсёй Еўропе бясплатную
школу для дзяцей беднаты. Заснаваў ён і рэлігійны ордэн, які меўся іх апекаваць.
Грузінская стужка Роланда Барашвілі «Прытулак» — пра дом састарэлых. Камера тактоўна і ўважліва ўглядаецца ў твары старых, якія наблізіліся да мяжы, слухае аповеды,
спачувае.
Цвіком фэсту сталі фільмы з Італіі, якой быў прысвечаны цэлы дзень: «Ён ахвяраваў свой дух дзеля людзей — смерць Пантыфіка», «Канец свету»,
«Дзённік горнага святара», «Таямніцы Фацімы», «Дон Карла Ньёкі. Святар, які шукаў Бога сярод людзей».
Гэта высокае рэлігійнае кіно. «Дзённік горнага святара» Стэфана Саверыёні пра няўрымслівага святара, які служыць у маленькай горнай парафіі, спрачаецца з класічнай ігравой стужкай
Рабэра Брэсона «Дзённік вясковага кюрэ». А карціна Карла Б’язэ «Дон Карла Ньёкі» паказвае нам святара, які да апошняга апекаваўся дзецьмі і нават завяшчаў
ім уласныя вочы.
Дзеці ў глыбоцкай бібліятэцы з ахвотай абіралі на фэсце найлепшыя мультфільмы пра святых, анёлаў і дабрыню. Лялечны мультфільм Галіны Бяды «Руфь» — паводле біблейскага
аповеду — быў яшчэ складаным для маленькіх гледачоў. Затое захапленне выклікаў мультфільм, зроблены самімі дзецьмі — латвійскімі і беларускімі — «Як Несцерка і
Спрыдзіціс шчасце шукалі».
«Магніфікат» стаўся заўважным. Гэта выклікала і палітычныя інтрыгі.
Як распавёў сябра БХД Аляксей Шэін, які мусіў прадставіць на фэсце сваю стужку «Хрыстос забаронены», па патрабаванні Леаніда Гулякі карціна пра пратэстантаў-дысідэнтаў, ужо
ўключаная ў каталогі, была знятая з паказаў. Фэсту абяцалі непрыемнасці, калі фільм пройдзе. Іншую карціну — латвійскую стужку «Пскоўская духоўная місія» пра рэлігійнае
жыццё падчас нацысцкай акупацыі — папрасіла зняць сама рэжысёрка.
Але інтрыгі — непазбежная частка фэстаў, што моцна стаяць на нагах. Як пракаментавала кіназнаўца і сябра журы Галіна Шур: «Які фестываль без скандалаў?
«Магніфікат» адбыўся».
Гран-Пры сёлетняга кінафэсту атрымаў фільм Стэфана Саверыёні «Дзённік горнага святара». Лепшай тэлепраграмай прызнаная «Блакадная вера» пра хрысціянскае служэнне ў
блакадным Ленінградзе. Найлепшым дакументальным фільмам сталася грузінская стужка Роланда Барашвілі «Прытулак». Прыз за рэжысуру дастаўся Аляксандру Купрыну за «Экзарха
Фёдарава». А дыплом «За лепшую аператарскую работу ў паказе хараства свету» атрымаў фільм Давіда Дэмекеліса «Канец свету» пра місіянера-фатографа з
Вогненнай Зямлі.
«Магніфікат» — унікальны фестываль на тэрыторыі СНД. І нягледзячы на шасцігадовы век, — ужо не дзіця.
Беларускі дэсант на «Кінашоку»
Калі «Магніфікат» завяршыўся, у Анапе распачаўся 19-ы адкрыты міжнародны фестываль краінаў СНД і Балтыі «Кінашок». Беларускае кіно, пра якое ўжо паспелі забыць,
упершыню на постсавецкай прасторы было прадстаўленае асобнай праграмай. Прэзентацыя называлася «У фокусе — Беларусь». У праграме было 10 стужак, прэс-канферэнцыі і сустрэчы
з беларускімі творцамі. А Святлана Зелянкоўская нават праспявала з Мікітам Міхалковым.
Адкрыццё праграмы “У фокусе – Беларусь Андрэй Кудзіненка, Святлана Зелянкоўская і Аляксандр Канановіч
http://www.kinoshock.ru/rus/2010/photo/show/?mediaid=2390
Карціну выхаванца Пташука Дзмітрыя Лася «Трамвай у Парыж» пакуль мала хто бачыў. Але, як сцвярджаюць расійскія сведкі, «за яе хварэлі на глядацкім конкурсе
«ТВ-шок».
Стужка Аляксандра Колбышава «Ваўкі» была прадстаўленая па-за конкурсам. Яе пабачылі не ўсе, але водгукі былі станоўчыя. Беларускія гледачы неўзабаве самі ацэняць гэту экзістэнцыйную
кінатрагедыю: яе рэкламны ролік ужо ідзе ў кінатэатрах.
Вязень уцякае ў ГУЛАГаўскага цягніку — і хаваецца ў роднай вёсцы. Адны мясцовыя жыхары яго ратуюць, другія — на героя палююць. Для зляканай сённяшняй Беларусі — карціна
актуальная.
Але найбольшы скандал выклікала стужка Андрэя Кудзіненкі «Масакра», якой фестываль адкрываўся.
Гэта, як кажа рэжысёр, бульба-хорар, калі і страшна, і смешна. Пастаўлены ён па матывах «Локіса» Мэрымэ, толькі дзеянне перанесенае ў Беларусь пасля падаўлення паўстання Кастуся
Каліноўскага. У палац да графа-пярэваратня прыязджае расійскі авантурыст, які заляцаецца да нявесты графа. Ёсць і госці — новы гаспадар палацу — расійскі генерал і дробная шляхта,
гатовая служыць свежым уладам. Помста графа-мядзведзя завершыцца крывавай масакрай.
Расійскіх крытыкаў абурыла, што беларускі мядзведзь-нацыяналіст дзярэ расійскіх гасцей. Не спадабаліся і кпіны з «вялікай рускай літаратуры». Затое майстэрства Андрэя Кудзіненкі,
які «з хвацкасцю фокусніка» мяшае «містычны сімвалізм, камедыю, лірычную драму», гледачы ацанілі.
«Масакра» вельмі жанравае кіно — для ўдзячных заўзятараў (сярод іх і аўтар гэтых радкоў). З «Кінашоку», які аддаў перавагу аўтарскаму кіно Шарунаса
Бартаса, стужка вярнулася без узнагарод.
Але розгалас атрымаўся значным.