З Тыфлісу ў Тбілісі
З 18 па 25 кастрычніка ў Тбілісі адбываўся Міжнародны форум «Культура і літаратура на прасторы Паўднёвага Каўказу», у межах якога была праведзеная навукова-практычная канферэнцыя «Узаемапранікненне культур». Удзел у форуме ўзялі літаратары і навукоўцы з Грузіі, а таксама з Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Расіі, Узбекістану, Украіны.
З 18 па 25 кастрычніка ў Тбілісі адбываўся Міжнародны форум «Культура і літаратура на прасторы Паўднёвага Каўказу», у межах якога была праведзеная навукова-практычная канферэнцыя «Узаемапранікненне культур». Удзел у форуме ўзялі літаратары і навукоўцы з Грузіі, а таксама з Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Расіі, Узбекістану, Украіны.
Удзельнікі канферэнцыі каля катэдральнага сабору святой Тройцы ў Тбілісі. Фота
Алены Осіпавай
Асноўнай тэмай, што абмяркоўвалася цягам тыдня на знакамітай сваёй гасціннасцю грузінскай зямлі, быў білінгвізм краін постсавецкага блока, а таксама статус і значэнне рускай мовы ў гэтых краінах у
нашы дні.
Тое, што культурная падзея з такой тэматыкай і праблематыкай адбылася менавіта ў Тбілісі, — невыпадкова і ў нечым знакава. Грузія — адна з тых постсавецкіх краінаў, дзе русіфікацыя,
якую ў многіх рэспубліках спыніў развал СССР, зрабіла найбольшы «адкат». Праз 20 гадоў, паводле статыстыкі, толькі 70 000 жыхароў краіны называюць сябе рускамоўнымі, і ўсяго 200 000
грузінаў з 4,5 мільёнаў насельніцтва краіны ўвогуле валодаюць рускай мовай. У асноўным гэта людзі старэйшага пакалення. Моладзь зусім не размаўляе па-руску, выкарыстоўваючы ў якасці мовы міжнародных
зносінаў англійскую ці нават нямецкую. Натуральная дэрусіфікацыя прабягае на фоне палітыкі Міхаіла Саакашвілі, знакамітага сваёй антырасійскай рыторыкай. Так што невыпадкова адной з першых пытанне
пра захаванне рускай мовы як мовы міжнародных зносінаў узняла менавіта грузінская творчая інтэлігенцыя. Ініцыятарамі і арганізатарамі форума выступіла Асацыяцыя рускамоўных літаратараў і дзеячаў
культуры Грузіі «Новый современник». Форум быў падтрыманы Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаваў-удзельніц СНД.
Нацыянальная ідэнтычнасць жыхароў Грузіі амаль адназначная. У адрозненне ад беларусаў ці жыхароў Усходняй Украіны, яны не называюць сябе рускімі, калі гэта не абумоўлена паходжаннем. Я —
«чалавек рускай культуры», кажуць пра сябе рускамоўныя грузіны Грузіі. З іншага боку, павагу да рускай культуры дэманструюць і прадстаўнікі грузінскамоўнай большасці. Як сказаў
падчас творчай сустрэчы стоўп грузінскай паэзіі Джансуг Чарквіяні (дарэчы, на беларускую мову яго бліскуча перакладаў Генадзь Бураўкін): «Расія для мяне — не таварыш Ленін, не
Брэжнеў. Для мяне Расія — гэта Пушкін, Лермантаў, Ахмадуліна, Еўтушэнка. Палітыка тут ні пры чым». На форуме можна было пачуць аповеды аб тым, як на сёлетнюю забарону палітыка
Георгія Цхакаі спяваць у рэстарацыях Грузіі песні на рускай мове грузінская інтэлігенцыя адгукнулася серыяй вечароў бардаўскай песні і рускіх рамансаў...
На фоне варажнечы палітыкаў Расіі і Грузіі, ахвярамі якой робяцца ў выніку простыя грамадзяне (праблемы з авіяперавозкамі, цяжкасць у атрыманні візаў), — грузінскія культурныя эліты
заяўляюць пра адсутнасць любой непрыязі і жаданне сябраваць і супрацоўнічаць з расійскімі калегамі. Вельмі сімвалічна, падкрэслівалі арганізатары форума, што падчас яго правядзення грузінскі
каталікос — патрыярх Ілія ІІ выправіўся ў Маскву з візітам да маскоўскага патрыярха Кірыла.
«Мне цяжка ўявіць, што наступіць час, калі армянін, грузін і азербайджанец будуць дачыняцца па-англійску», — зазначыў Уладзімір Сарышвілі, адзін з арганізатараў форума. Так
ці іначай, падсумавалі ў Тбілісі, на постсавецкай прасторы руская мова яшчэ доўгі час застанецца мовай міжнацыянальных зносінаў.
«Нам бы іх праблемы!» — маглі б сказаць беларусы, для якіх заняпад рускай мовы ў Беларусі — тэма зусім не актуальная. Наадварот: у Беларусі, як ні прыкра,
даводзіцца бараніць беларускую мову (у тым ліку ад афіцыйных уладаў). Але сацыяльныя і культурныя працэсы, якія адбываюцца ў Грузіі і Беларусі, шмат у чым падобныя. Беларусь на канферэнцыі
прадстаўлялі Андрэй Хадановіч, які зрабіў даклад пра пераклады грузінскай паэзіі на беларускую мову, і Марыя Мартысевіч, якая асвятліла сітуацыю з білінгвізмам у сучаснай беларускай літаратуры. Як
зазначае Хадановіч, «Грузія і Беларусь проста створаныя для бліжэйшага сяброўства і глыбейшых культурных кантактаў, а дзве «нацыі паэтаў» проста мусяць часцей і лепей
перакладаць адна адну».
У межах форуму адбыліся таксама канцэрты, літаратурныя чытанні і экскурсіі па старажытных мясцінах грузінскай зямлі, а таксама па мясцінах Міхаіла Лермантава ды Аляксандра Грыбаедава —
пісьменнікаў «таксама і грузінскіх» — перакананая прагрэсіўная інтэлігенцыя Грузіі. Вынікі першага (пробнага) мерапрыемства паказалі: у краінах былога СССР ёсць
зацікаўленне аднаўляць культурныя сувязі на новым узроўні праз культурнае пасрэдніцтва рускай мовы. У заключэнні ўдзельнікі выказалі надзею, што такі запатрабаваны творчымі суполкамі розных краін
праект і надалей будзе мець месца ў Грузіі — кропцы сустрэчы народаў і моваў, кропцы перасячэння культур і кантынентаў.