Зала скандавала «Жыве Беларусь!» на канцэрце Brutto у Львове

12 лютага ў рамках усеўкраінскага тура разам са сваім новым стварэннем — гуртом Brutto — Сяргей Міхалок прыехаў з канцэртам у Львоў. На канцэрце беларускага гурта быў аншлаг.



michalok1.jpg

 Brutto называюць сябе «беларуска-ўкраінскімі рок-партызанамі», таму не дзіўна, што на канцэрт хтосьці з прыхільнікаў прынёс сіне-жоўты сцяг, хтось бел-чырвона-белы, аднак на крыкі «Слава Украіне!» і «Жыве Беларусь!» зала адказвала ва ўнісон.
Прысутныя ўшанавалі памяць беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які адным з першых загінуў падчас падзей Рэвалюцыі годнасці ў Кіеве.
Са слоў Сяргея Міхалка, смерць Жызнеўскага — гэта знак для беларусаў, якія таксама хочуць свабоды.
«Я просты хлопец, але мне надакучыла жыць, ведаючы, што дзесьці невядома хто сваім подпісам вызначае мой лёс. Таму я разам са сваімі сябрамі спяваю пра тое, што мне дарагое: сумленна працуй, радуйся жыццю, любі сваю сям'ю, паважай сваю гісторыю і не забірай чужое. BRUTTO — гэта лемантар для дарослых. І хай хутчэй здохне той пракляты, п'яны, гопніцкі быдла-савок. Цяпер я крыкну тое, што для мяне з'яўляецца вельмі дарагім: «Жыве Беларусь! Слава Украіне!», — не стрымліваў сябе Сяргей Міхалок.
Песню «Воины света», якую музыка яшчэ ў складзе гурта «Ляпіс Трубяцкі» прысвяціў падзеям на Майдане, зала спявала ў адзін голас.


ipress.ua