Абаронім гонар і годнасць: настаўнікі напісалі зварот

"Прапануем падпісаць гэты зварот усім настаўнікам, выкладчыкам, супрацоўнікам сістэмы адукацыі, адукацыйным арганізацыям і ініцыятывам. Тым самым абаронім імідж прафесіі і людзей, якія самаадана працуюць педагогамі", — гаворыцца на сайце nastaunik.info.

index_34.jpg

Зварот падпісалі пакуль паўтары сотні настаўнікаў, але гэта ўжо нямала.

"Мы — настаўнікі, прафесіяналы сваёй справы, разумеем уласную місію і адказнасць за выхаванне годных грамадзян Беларусі і фармаванне будучыні нашай краіны, — гаворыцца ў звароце. — Мы выступаем за свабодныя і сумленныя, справядлівыя і празрыстыя выбары, за захаванне законнасці і захаванне правоў, якія нам гарантуе Канстытуцыя.

Мы хочам шчыра і адкрыта глядзець у вочы сваім вучням і іх бацькам і заяўляем, што як усе адказныя грамадзяне, зацікаўленыя ў тым, каб улада была выбрана дэмакратычным шляхам без фальсіфікацый, прыпісак і ціску на выбарчыя камісіі, з захаваннем празрыстай працэдуры падліку галасоў. Мы лічым, што кожны грамадзянін краіны заслугоўвае таго, каб з павагай ставіліся да яго выбару і права голасу.

Мы ўпэўнены, што хутка адбудуцца пазітыўныя змены, у якіх зацікаўлена ўсё грамадства:

  • зменіцца неадпаведнае сучасным выклікам адукацыйнае заканадаўства, якое не дае школе развівацца, скоўвае прафесійную свабоду педагогаў, абмяжоўвае творчасць і запавольвае пранікненне ў сістэму адукацыі сучаснага зместу і новых тэхналогій навучання;
  • у сістэме адукацыі нарэшце будзе больш даверу да прафесіяналізму педагогаў, менш бюракратыі, неабгрунтаванага кантролю, які прыніжае настаўніка;
  • прафесіяналы ў галіне адукацыі будуць належным чынам ацэненыя і запатрабаваныя, а школа будзе вучыць, а не выконваць неўласцівыя функцыі. Прэстыж прафесіі будзе расці разам з заробкам настаўніка, у прафесію будуць імкнуцца найлепшыя, адданыя пакліканню людзі, вартыя павагі.

Таму мы заклікаем:

  • быць салідарнымі ў імкненні да законнасці, да захавання і выканання канстытуцыйных нормаў і базавых правоў чалавека: недатыкальнасці і годнасці асобы, выбару ўлады, гарантаванне свабоды слова і мірных сходаў ды інш.;
  • скарыстаць шанец пабудаваць сапраўды незалежную заможную прававую еўрапейскую дзяржаву, адкуль не будуць з’язджаць нашы вучні ў пошуках лепшай долі;
  • выкарыстаць магчымасці для паляпшэння іміджу і павышэння ролі настаўніка ў грамадстве;
  • узяць уласную адказнасць за захаванне законнасці і забяспечыць празрысты падлік галасоў, не падпісваць пратаколы, калі вы не ўпэўніліся, што кожны голас улічаны (для педагогаў-членаў выбарчых камісій). 

Прапануем падпісаць гэты зварот усім настаўнікам, педагогам, супрацоўнікам сістэмы адукацыі, адукацыйным арганізацыям і ініцыятывам.