Лукашэнка: «Ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі», і «мы павінны чакаць поскудзі з любога боку»
Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, 6 жніўня, на нарадзе па забеспячэнні бяспекі падчас выбарчай кампаніі пра тое, што ідзе «гібрыдная вайна супраць Беларусі», але мы нават не ведаем, хто нашы ворагі і на што яны здольныя.
Беларускі кіраўнік запатрабаваў ад МУС больш актыўна “ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам”. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па "забеспячэнні бяспекі падчас выбарчай кампаніі". Сярод удзельнікаў нарады былі кіраўнікі ўрада, палат парламента, сілавых ведамстваў, Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага суда.
Лукашэнка звярнуў увагу кіраўніцтва МУС, што праваахоўныя органы, каб не дапусціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і выяўляць падазроных асоб павінны актыўна ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам: «Малайцы беларусы. Па інфармацыі людзей, пазатрымлівалі ўсіх. Людзі паглядзелі вакол сябе. Убачылі — ба, іх жа ўчора не было, але яны з’явіліся. Інфармацыю — у МУС, КДБ. Знайшлі, каго ў лесе, каго пад плінтусам, павыцягвалі. Толькі з падачы людзей», паведамляе zviazda.by.
Беларускі кіраўнік давёў да праваахоўнікаў інфармацыю, што «ў краіне затрымана шмат іншых людзей, якія ставілі мэтай дэстабілізацыю абстаноўкі ў Беларусі і што многіх правакатараў удалося затрымаць толькі дзякуючы пільнасці грамадзян».
«Шчыра прызнаюся, і, напэўна, вы мне новага не скажаце: мы не ведаем, на што яны здольныя. Мы нават не ведаем, хто яны. Ці гэта амерыканцы з натаўцамі, ці з Украіны нас хтосьці падціскае, ці нас усходнія браты так моцна “любяць” — мы нават не ведаем. Ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі, і мы павінны чакаць поскудзі з любога боку. Што мы, дарэчы, і робім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, усё вырашаюць грошы — і прыналежнасць да той ці іншай краіны ці партыі не мае значэння. «Не важна, амерыканец, дзярждэпавец, прыналежнасць у цябе да дэмакратычнай партыі... Удзельнічалі ў перадвыбарчай кампаніі ў Расіі, атрымалі за гэта добрыя грошы. Сёння хайпуюцца (хайпаваліся) на тэрыторыі Беларусі. Думаў: амерыканцы пачнуць іх зараз абараняць. Нічога падобнага, — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Грошы засцілаюць вочы, пазелянелі ад гэтых грошай: хто плаціць, за таго і спяваю. Вось адзіная разгадка. І ў нас такіх людзей нямала. Няважна, дзе і што. Хто плаціць, за таго і пяюць».
Паводле zviazda.by