Актывістку МХД Марыну Хоміч выклікаюць у міліцыю

Беларускія ўлады напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі працягваюць ціск на лідарку Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марыну Хоміч. Пасля візіту да яе сваякоў 5 мая старшыне аргкамітэту МХД патэлефанаваў аперупаўнаважаны, які запрасіў яе прыйсці на апытанне.



maryna_chomic.jpg

Фармальная прычына запрашэння ў тым, што тэлефон Марыны Хоміч у ліку 1,5 тыс. іншых тэлефонаў быў заўважаны ў раёне абрабавання банкамату. Аднак, адзначае лідарка МХД, незразумела тады, чаму міліцыянты прыходзілі менавіта да яе дадому, бо ейны мабільны тэлефон зарэгістраваны на іншага чалавека і напачатку было б лагічным распытваць яго.

Паводле Марыны Хоміч, падобным жа чынам выклікаюць у міліцыю і актывіста АГП Дзмітрыя Кавалгіна. "Я пайду ў міліцыю на наступным тыдні. Мне хавацца няма чаго. Але я хацела б звярнуць увагу на тое, да чаго прыводзіць правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі. І адказаць за поўную зачыстку актывістаў нясуць не толькі беларускія ўлады, але і тыя палітыкі, чыноўнікі, прадстаўнікі ІІХФ, якія дазволілі правядзенне ЧС у сённяшніх умовах", — падкрэсліла лідарка МХД.

Нагадаем, да сваякоў лідара Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марыны Хоміч, якая пражывае ў іх, 5 траўня а 7-й гадзіне раніцы прыходзіў следчы. Свой візіт ён патлумачыў тым, што Марына Хоміч унесеная ў пэўныя спісы і ў сувязі з гэтым яму неабходна ўдакладніць інфармацыю. Прэсавая служба БХД