Алексіевіч: Свет маўчыць, пакуль маленькая ганарлівая краіна змагаецца са звар'яцелым забойцам
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч мае намер знаходзіцца ў Германіі да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Яна лічыць, што на Захадзе не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі.
Пісьменніца Святлана Алексіевіч не мае намеру вяртацца ў Беларусь да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна заявіла ў пятніцу, 20 лістапада, у інтэрв'ю нямецкаму штотыднёвіку Der Spiegel.
Цяпер лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры працягвае знаходзіцца на лячэнні ў Берліне, куды яна прыехала 7 тыдняў таму, гэта яе першае інтэрв'ю сродкам масавай інфармацыі. Па даных Spiegel, Алексіевіч пагадзілася на размову пасля таго, як на плошчы Пераменаў у Мінску быў збіты сілавікамі і затым памёр ад пабояў актывіст Раман Бандарэнка.
"Гібрыдная грамадзянская вайна"
Святлана Алексіевіч адзначыла ў інтэрв'ю, што на Захадзе "не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі". "Жорсткі гвалт супраць невінаватых. Турмы, перапоўненыя людзьмі, адзінае злачынства якіх — удзел у дэманстрацыях. Сістэматычнае прыніжэнне людзей. Часта ў туалетах няма вады, а камеры, прызначаныя на пецярых, запаўняюць 35 чалавек, арыштаваныя павінны спаць стоячы, цэлымі днямі, часам тыднямі. Гэта гісторыі, якія я ведаю толькі са сталінскіх часоў", — дадала пісьменніца.
Паводле яе ацэнкі, у Беларусі ідзе гібрыдная грамадзянская вайна, у якой прыхільнікі Лукашэнкі ўдзельнічаюць супраць іншай паловы насельніцтва. Алексіевіч дадала, што свет маўчыць, пакуль "маленькая ганарлівая краіна змагаецца са звар'яцелым забойцам".
"Увядзення санкцый недастаткова"
Алексіевіч лічыць, што ўведзеных Захадам санкцый недастаткова, паколькі Лукашэнка і так забараніў ключавым чыноўнікам выязджаць з Беларусі. Яна мяркуе, што Захад мог бы выключыць краіну з міжнароднай банкаўскай сістэмы, увесці санкцыі супраць нафтавай прамысловасці. "Гэта мела б цяжкія наступствы для эканомікі. Супраць пратэстаў, якія здарыліся б пасля таго, Лукашэнка быў бы нямоглы", — дадала пісьменніца.
Святлана Алексіевіч уваходзіць у прэзідыум Каардынацыйнай рады апазіцыі Беларусі, яна вымушана пакінула краіну ў канцы верасня.
dw.com