Апазіцыя абвясціла аб новай акцыі пратэсту
Павел Латушка заявіў нямецкім журналістам, што разлічвае на масавую дэманстрацыю пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі 9 траўня, у Дзень Перамогі.
Беларуская апазіцыя плануе новыя масавыя пратэсты супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Чакаецца, што яны адбудуцца ў Дзень Перамогі, 9 траўня. Пра гэта распавёў былы міністр культуры Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Францыі, Польшчы, Іспаніі і Партугаліі Павел Латушка ў інтэрв'ю выданню «Redaktionsnetzwerk Deutschland» (RND), апублікаваным у панядзелак, 3 траўня. «Праз сацсеткі я паклічу беларусаў выйсці на вуліцы. Калі Лукашэнка дазволіць збіць пратэстуючых 9 траўня, ён увойдзе ў беларускую гісторыю як фашыст», — заявіў Латушка.
Паводле слоў экс-дыпламата, ён сам і іншыя члены дэмакратычнага руху — гэта група экспертаў, «гатовых узяць лёс краіны ў свае рукі». Апазіцыянер адзначыў, што некаторыя члены гэтай каманды знаходзяцца ў Беларусі. Аднак не стаў называць імёны, сказаўшы, што інакш ім пагражае неадкладны арышт.
Цяперашні пераслед апазыцыі ў Беларусі Павел Латушка назваў самым страшным у Еўропе за апошнія 40 гадоў. «Рэпрэсіі праніклі ва ўсе пласты грамадства», — адзначыў ён, дадаўшы, што на дадзены момант беларускі парламент працуе над законам, які дазволіць сілавікам страляць на дэманстрацыях без папярэджання.
Адказваючы на пытанне нямецкіх журналістаў пра тое, ці знаходзіцца Беларусь на шляху да фашызму, Латушка адзначыў, што Лукашэнка ніколі не хаваў свайго захаплення «парадкам», які стварыў Адольф Гітлер.
Паводле звестак Латушкі, у Беларусі была сфарміравана спецгрупа для адсочвання сябраў дэмакратычнага руху за мяжой і іх ліквідацыі. «Мы з'яўляемся сведкамі тэрору ў Еўропе 21 стагоддзя. Але калі-небудзь адбудзецца і іншы працэс над ваеннымі злачынцамі, як у 1945 годзе ў Нюрнбергу, я ў гэтым упэўнены», — дадаў ён.
Каментуючы ролю Заходняй Еўропы ў выхадзе з палітычнага крызісу ў Беларусі, Латушка падкрэсліў, што «сёння свабодная Еўропа павінна прайсці тэст, які пакажа, у якой меры яна гатовая абараняць такія асноватворныя каштоўнасці, як дэмакратыя і свабода». «Пара ўрэшце пачаць дзейнічаць, калі Еўропа не хоча падзяліць адказнасць за тое, што тысячы невінаватых людзей спасціг жудасны лёс», — заявіў беларускі апазіцыянер.
Каментуючы фразу лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, якую ён і іншыя члены Каардынацыйнай рады лічаць пераможцай прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пра тое, што «апазіцыя страціла вуліцы», Латушка заявіў, што не згодны з ёй. «Рэжым зрабіў больш жорсткімі рэпрэсіі, але мы не здаёмся», — падкрэсліў ён.
Паводле dw.com