Герой віруснага відэа з уцёкамі ад сілавікоў на таксі з’ехаў у Польшчу па праграме Каліноўскага

Мінулагодняе відэа «Еўрарадыё», як у Мінску таксіст ратуе хлопца ад сілавікоў, шырока разышлося па беларускіх і замежных СМІ. Журналісты высветлілі, што з маладым чалавекам цяпер.

d1ff4a21111eb962dadfea854897e.jpeg


Спартыўны сайт «Трыбуна» паведаміў, што хлопец выехаў у Польшчу і таму нарэшце можа назваць сваё прозвішча.

Гэта 19-гадовы Раман Руткоўскі, малады самбіст. Летась першакурснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Аднойчы яго ледзьве не затрымалі.

«На відэа не бачна нічога незаконнага, — расказвае ён. — Але я разумеў, што ў нашай краіне любых пратэстоўцаў, хто стаў вядомы па розных карцінках, паспрабуюць закрыць. А яшчэ потым хтосьці мог бы прыдумаць, што яшчэ да забегу я прычыніў нейкую шкоду сілавікам...»


Раман Руткоўскі цяпер жыве ў польскім горадзе Катавіцэ, куды прыехаў па адукацыйнай праграме польскага ўрада для рэпрэсаваных беларусаў імя Кастуся Каліноўскага, цяпер ён праходзіць моўныя курсы. У планах — паступленне ва ўніверсітэт. Хоча стаць «трэнерам па барацьбе».

Малады чалавек прызнаецца, што не жадае пастаянна жыць за мяжой і вернецца ў Беларусь адразу ж пасля змены ўлады. Раман Руткоўскі кажа, што падтрымлівае сувязь з таксістам, які яго выратаваў, але сустрэцца яны так і не паспелі.