Андрэя Бандарэнку пачалі «прэсаваць»
Валер Бандарэнка, бацька былога кіраўніка праваабарончых арганізацый «Платформа» і «Платформ інавейшн» Андрэя Бандарэнкі, паведаміў аб чарговых правакацыях у дачыненні да сына, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4.

Андрэй Бандарэнка. Фота — svaboda.org
Паводле яго слоў, Андрэю нядаўна была абвешчана вымова за тое, што ён удзень ляжаў на нарах. Раней на гэта не звярталі ўвагі, а тут нечакана ўламіліся ў камеру і склалі пратакол за парушэнне рэжыму адбывання пакарання.
Пасля абвяшчэння спагнання ў камеры Бандарэнкі ўсталявалі відэакамеру, а на шпацыр сталі выводзіць у кайданках і пад аховай сабак.
Чаму рэжым адбыцця пакарання ў дачыненні да Бандарэнкі зрабілі больш жорсткім? Бацька асуджанага праваабаронцы мяркуе, што прычынай маглі стаць лісты Андрэя на волю, у якіх ён піша пра фальсіфікацыі следчых у сваёй крымінальнай справе.
Тым самым, працэс «перавыхавання» Андрэя Бандарэнкі ўступіў у новую фазу.