Беларусь зачыніла дзверы для ЕС

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан лічыць, што ЕС варта працягнуць ціск на ўлады Беларусі з-за рэпрэсій у краіне. Сярод аналітыкаў ёсць меркаванне, што гэты бой Еўрасаюз прайграў. І цяпер яму застаецца працаваць з нізамі, каб сярэднестатыстычныя беларусы цвёрда заявілі, што хочуць жыць у Еўропе, а не ў Расіі.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан лічыць, што ЕС варта працягнуць ціск на ўлады Беларусі з-за рэпрэсій у краіне. Сярод аналітыкаў ёсць меркаванне, што гэты бой Еўрасаюз прайграў. І цяпер яму застаецца працаваць з нізамі, каб сярэднестатыстычныя беларусы цвёрда заявілі, што хочуць жыць у Еўропе, а не ў Расіі.

“Эканамічны крызіс, што працягваецца, не павінен выкарыстоўвацца як нагода тымі, хто хоча аслабіць падтрымку правоў чалавека, — заявіла Кэтрын Эштан на пасяджэнні Еўрапарламента ў Страсбургу. Вярхоўны прадстаўнік мяркуе, што ЕС неабходны глабальны падыход да вырашэння праблем у сферы правоў чалавека. Яна адзначыла іх універсальнасць, падкрэсліўшы, што яны “не падлягаюць абмеркаванню.
Навуковы сябра даследчай праграмы ЕС па Усходнім добрасуседстве і Расіі, супрацоўніца Фінскага інстытута міжнародных стасункаў Анаіс Марын магчымасці палітычнага ціску, санкцый у дачыненні да Беларусі ацэньвае вельмі крытычна. Маўляў, цяпер Еўропа ўвогуле блізкая да таго, каб страціць Беларусь як суверэнную дзяржаву на мапе. “Мы вярнуліся да таго, з чаго пачыналі, — афіцыйны Мінск можа ігнараваць Брусэль, бо мае падтрымку Расіі. Еўрапейскі саюз стаў закладнікам палітыкі ізаляцыі, а беларускі рэжым вярнуўся да сваіх звычайных учынкаў, — заявіла палітолаг падчас канферэнцыі ў Варшаве “Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты.
“Беларусь зачыніла дзверы для Еўрасаюза. Чаму так адбываецца? Бо няма адзінай стратэгіі паводзінаў, і ЕС выдаткоўвае на адпаведныя праграмы для Беларусі замала грошай. У Брусэлі не хапае экспертаў і ведаў па Беларусі. Да таго ж, некаторыя сябры ЕС бароняць у Беларусі свой бізнэс, як, напрыклад, Літва, Германія, — лічыць Анаіс Марын. — Цяпер Беларусь не ў спісе прыярытэтных кірункаў працы для Еўрасаюза. У ЕС ёсць свае праблемы, як, напрыклад, валютны крызіс. А краіны, што будуць наступнымі старшынстваваць у Еўрасаюзе, ужо заявілі: беларускае пытанне для іх не будзе дамінантным.
Яна падкрэслівае, што еўрапейскія чыноўнікі мусяць кіравацца прагматычнымі вынікамі, а не абяцаннямі, звярнуць увагу на інвестыцыйную працу, “каб Расія не паглынула Беларусь, і ўрэшце распрацаваць адпаведную “дарожную карту адносінаў.
Разам з тым кіраўнік няўрадавай арганізацыі Freedom House Давід Крэмер, выступаючы на канферэнцыі АБСЕ ў Вільні, заявіў, што Аляксандр Лукашэнка ўяўляе пагрозу для незалежнасці сваёй краіны, і таму неабходна пашыраць эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
«Я мяркую, што для ЗША і ЕС вельмі важна рабіць дадатковыя крокі па прымяненню эканамічных санкцый. І рабіць гэта як мага хутчэй. Перад тым, як Лукашэнка прадасць краіну Расіі. Мы бачым, што для таго, каб застацца ва ўладзе А. Лукашэнка ахвяруе незалежнасцю краіны», — сцвярджае кіраўнік Freedom House.
Крэмер выказаў шкадаванне, што Расія вырашыла падтрымаць беларускі рэжым. «10 мільярдаў долараў на фіктыўную АЭС, мільярды долараў энергетычных субсідый, пазык. На жаль, гэта крок назад, бо, на маю думку, Аляксандр Лукашэнка з узнікненнем эканамічнага крызісу апынуўся на танюткім лёдзе, які сам і стварыў. На жаль, здаецца, лідары ў Маскве даюць яму дапамогу», — казаў Крэмер.
Паводле яго слоў, ціск і санкцыі — адзіны спосаб супрацоўніцтва, які зразумелы Лукашэнку.
Па словах Крэмера, Захад мусіць не забывацца і на “публічную дыпламатыю, бо ёсць верагоднасць, што Беларусь расчаруецца ў Захадзе, калі асабіста адчуе ўздзеянне эканамічных санкцый. «Рызыка ёсць заўсёды. Таму вельмі важна, каб палітыка санкцый суправаджалася яснай публічнай дыпламатыяй, якая б тлумачыла, што гэтыя санкцыі накіраваныя на рэжым. Мы ведаем, што наступствы могуць адчуць людзі Беларусі, але гэта не асноўнае ўздзеянне, на якое мы спадзяемся», — сказаў ён.
Праціўнікам санкцый з’яўляецца кіраўнік Руху “За свабоду Аляксандр Мілінкевіч. “Я веру, што мы выйграем. А Беларусь вернецца туды, дзе была, — у еўрапейскую сям’ю, — аптымістычна распачаў сваю прамову ў Варшаве на згаданай канферэнцыі палітык. — Вязняў у турмах усё больш, ёсць татальная залежнасць ад Расіі. Але я мяркую, што з дыктарам заўжды можна размаўляць, і з Гітлерам так рабілі, бо размова ідзе пра народ. Ніхто не ставіў мэту зрабіць з Лукашэнкі дэмакрата, бо ён такім не будзе. Мэта была развярнуць краіну да Еўропы. І было трошкі менш рэпрэсій, бо была магчымасць дыялогу з Еўропай. Усё магло быць распісана па месяцах, нельга даваць грошы і чакаць. Я не прыхільнік выдаткоўвання грошай, бо яны пойдуць на ўзмацненне рэжыму. Але не будзе дыялогу — не будзе і Беларусі. Санкцыі кепскія не толькі тым, што не даюць выніку, але і таму, што ўпіхваюць нас у Расію. Да таго ж санкцыі ўплываюць на меркаванне народа, — зазначыў палітык.
Даследчык Валер Булгакаў, выказваючыся аб магчымай змене палітычнага рэжыму, сказаў, што не бачыць перадумоў для такога выніку. “Мой адказ, ці будзе зрынуты рэжым Лукашэнкі бліжэйшым часам, адмоўны. Беларусь не мае цэльнай нацыі, што здольная рэалізаваць свой выбар, — гаворыць Булгакаў.
За эканамічныя санкцыі для Беларусі выказваліся сваякі рэпрэсаваных па палітычных матывах асобаў. На думку сваякоў асуджаных па палітычных справах людзей, сур’ёзны эканамічны ціск здольны вызваляць нявінных людзей з турмаў.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама выказваўся за ўвядзенне санкцый, але візавых. На яго думку, санкцыі ЕС мусяць быць скіраваныя супраць тых, хто парушыў заканадаўства. А гэта перадусім супрацоўнікі сілавых структур. “Калі частка ўраду прэтэндуе на тое, каб мець нейкую сваю думку і пазіцыю наконт сітуацыі ў эканоміцы, важна, каб гэта не выглядала так, што вось яны кажуць пра нейкія рынкавыя рэформы, а іх тут бах — і не пускаюць у Еўразвяз... Трэба, каб усё ж такі была логіка і зразумеласць у дзеяннях, — пракаментаваў лідар АГП варыянт магчымага пашырэння спісу неўязных у ЕС прозвішчамі прэм’ер-міністра Беларусі, яго намесніка.
Цяпер у спісе візавых санкцый 245 асобаў: чыноўнікі, суддзі, пракуроры і загадчыкі дзвюх калоніяў, дзе адбываюць пакаранне палітзняволеныя. Тыя, хто трапіў у спіс, не маюць магчымасці наведваць краіны Еўрасаюза і карыстацца са сваіх актываў у еўрапейскіх банках.