Беларусы не пабачаць праграму інтэграцыі з Расіяй да яе падпісання?

Дэпутатка Алена Анісім атрымала адказ на зварот да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса аб планах па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі. Старшыня ўрада не стаў адказваць на зварот сам, перанакіраваўшы яго міністру эканомікі Дзмітрыю Крутому. Менавіта Круты з беларускага боку ўзначальвае рабочую групу па распрацоўцы прапановаў аб далейшым развіцці інтэграцыі.

anisim_zvarot_main.png


У сваім запыце Алена Анісім зазначыла, што распрацоўка інтэграцыйных дакументаў за закрытымі дзвярыма стварае напружанасць у беларускім грамадстве. Але ва ўрадзе лічаць іначай: «Публікацыя праекта Праграмы ў адсутнасці пакета карт супярэчыла б агульнапрынятай у свеце практыцы арганізацыі перамоваў, а таксама магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцый і фармавання ў грамадстве скажоных уяўленняў адносня інтэграцыйнага працэсу», — сказана ў адказе за подпісам Дзмітрыя Крутога.

З дакумента вынікае, што праект Праграмы дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года падрыхтаваны, але мае статус працоўнага, бо яшчэ не падпісаны кіраўнікамі Расіі і Беларусі. Падпісанне плануецца 8 снежня 2019 года, у 20-ю гадавіну стварэння Саюзнай дзяржавы. Разам з дакументам будзе падпісаны пакет дарожных карт. «Праца па падрыхтоўцы гэтых карт толькі пачалася. Менавіта ў іх будзе ўтрымлівацца дэталізацыя эканамічных дамоўленасцяў паміж бакамі», — сцвярджае Круты.

Нарэшце, міністр эканомікі «па даручэнні прэм'ер-міністра» запэўнівае Анісім, што інтэграцыйныя дакументы «не ўтрымліваюць ніякага палітычнага кампанента і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь».

Цікава, што Сяргей Румас у канцы жніўня 2019 года казаў, што праграму развіцця інтэграцыі з Расіяй можна будзе апублікаваць пасля таго, як яе парафіруюць прэм’ер-міністры: «Думаю, пасля парафіравання праграмы ўрады абедзвюх краін апублікаюць яе, каб у грамадскасці былі знятыя нейкія апасенні наконт пытанняў суверэнітэту і іншых. Праграма накіраваная на рэалізацыю чыста эканамічных палажэнняў і прадугледжвае механізмы, пры якіх на дзве краіны будзе функцыянаваць адзіны рынак».

Прэм’еры парафіравалі праграму 6 верасня.

Паводле Еўрарадыё