Польшча і Літва хочуць знізіць энергетычную залежнасць Беларусі ад Расіі
Польшча і Літва абмяркоўваюць магчымасці для паніжэння энергетычнай залежнасці Беларусі ад Расіі. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс па выніках перамоваў з кіраўніком польскага ўрада Матэушам Маравецкім. Яны адбыліся ў Вільні.
«Мы гаварылі пра тое, як знізіць энергетычную залежнасць Беларусі ад Расіі, і абмяркоўваюцца некаторыя рашэнні і праекты», — сказаў Сквярняліс на сумеснай прэс-канферэнцыі, перадае BNS.
Літоўскі прэм’ер не стаў удакладняць пра якія менавіта праекты ідзе гаворка. Аднак можна выказаць здагадку, што найбольш верагодным з’яўляецца ўдзел у пастаўках альтэрнатыўнай нафты для беларускіх НПЗ. Цяпер яна цалкам паступае з Расіі.
Кіраўнік Беларусі даў даручэнне прапрацаваць магчымыя каналы атрымання нафты ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў яшчэ ў мінулым годзе. Такое рашэнне было прынята ў сувязі з падатковым манеўрам у Расіі, у выніку якога Беларусь пазбавіцца зніжкі на сыравіну ў памеры экспартных пошлін. Аб магчымым партнёрстве з краінамі Балтыі Лукашэнка заяўляў у студзені гэтага года.
Прадстаўнікі «Белнафтахіма» днямі некалькі разоў заявілі, што канцэрн ужо мае ўяўленне аб магчымых альтэрнатыўных пастаўшчыках нафты, а таксама лагістычных рашэннях па яе дастаўцы ў Беларусь. Разглядаецца некалькі варыянтаў. Неўзабаве можа быць падпісана пагадненне аб пастаўках нафты з Казахстанам. Сыравіна будзе паступаць па чыгунцы або трубаправодах. Таксама прапрацаваны заходні маршрут.
Klaipėdos nafta ў каментары BNS яшчэ раз пацвердзіла гатоўнасць прадаставіць тэрмінал для паставак сыравіны ў Беларусь, якая будзе прыходзіць морам. Раней у жніўні кіраўніцтва аператара нафтавага тэрмінала ў Клайпедзе ужо заяўляла пра гатоўнасць адгукнуцца на прапанову беларусаў, калі яна паступіць.
Польскі маршрут нядаўна назваў сам Лукашэнка. Размаўляючы з журналістамі ў святкавання 1000-годдзя Брэста, ён заявіў, што можа забраць частку прапускной здольнасці нафтаправода «Дружба» ў выпадку арганізацыі паставак сыравіны праз Польшчу.
«Але калі мы праз Польшчу пачнем пастаўляць нафту, то мы забярэм дзве ніткі нафтаправода «Дружба», па якім на экспарт ідзе расійская нафта. Гэта трэба расійцам? Не», — сказаў ён.
Па яго словах, нафту можна купіць у ЗША, Саудаўскай Аравіі. Ён таксама нагадаў аб маршруце паставак сыравіны праз Украіну на Мазырскі НПЗ.
Паводле REFORM.by