Берасцеец, абвінавачаны ў паклёпе на Лукашэнку: «Мне на свабодзе месца няма: вар’ятня або турма»
Журналісту "Радыё Свабода" ўдалося пагаварыць з берасцейцам Міхаілам Лукашэвічам, якога за надпісы на ўласным плоце абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. За гэта яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.
«Будавалі камунізм — а атрымаўся крызіс», «Калі нашу ўладу пасадзіць у вар’ятню, то наш народ будзе жыць лепш за ўсіх у свеце», «Хто хлусіць — той лепей усіх жыве. Але нядоўга». Такія, ды іншыя надпісы можна ўбачыць на плоце 63-гадовага берасцейца. Ёсць там і словы пра Аляксандра Лукашэнку.
Лукашэвіч — дысідэнт са стажам. Яшчэ да пачатку перабудовы ён пісаў лісты-скаргі «на Захад». А ў 1984 годзе быў затрыманы ў Маскве каля амбасады Францыі. Кажа, што хацеў перадаць чарговы ліст у ААН. Пасля затрымання Лукашэвіча змясцілі ў савецкую вар’ятню.
Выйшаў ён адтуль толькі тады, калі не стала Савецкага Саюзу.
Спадар Міхаіл зараз вельмі закрыты чалавек і не ідзе на кантакт з журналістамі. Сустрэцца з карэспандэнтам «Радыё Свабода» пагаджаецца не адразу, даводзіцца прыкласці максімум «дыпламатычных» высілкаў.
Хата Міхаіла Лукашэвіча знаходзіцца ў Вычулках, колішняй вёсцы, якая стала часткай Берасця. Побач — аўтобусны прыпынак. Цяпер у гэтым раёне шмат катэджаў бізнэсоўцаў ды чыноўнікаў.
Хаты Міхаіла амаль не бачна з-за больш як двухметровага плоту, на які прымацаваныя дошкі з надпісамі. У двары брэша вялікі непрывязаны сабака, таму не дзіўна, што журналістам цяжка трапіць у госці да гаспадара. Тэлефаную Міхаілу, ён выходзіць насустрач з брамы з кніжкай «Лісты на Свабоду»:
«Вось, нядаўна ад вашага радыё атрымаў, чытаю...»
Міхаіл адразу ладзіць экскурсію каля свайго плоту. Кажа, што не разумее, дзе тут паклёп на прэзідэнта:
«Ну вось надпіс: „Рабілі з мяне дурня, а самі абгадзіліся“. Ну разваліўся ж Савецкі Саюз? Абгадзіліся? Абгадзіліся! Далей: „70 год здзекаў уладаў. Розум, гонар, сумленне, закон — гэта нашай уладзе супрацьпаказана“. Ну што тут не так? Я працаваў, Новалукомльскую ГРЭС будаваў, дзве грыжы зарабіў... І што, з мяне не паздзекаваліся? Далей — „Лукашэнка непасрэдна падначальваецца карнай псіхіятрычнай сістэме камуністычнага рэжыму і не можа выконваць свае непасрэдныя прэзідэнцкія абавязкі“. І што не так? Я звяртаўся да яго ў адміністрацыю, пісьмова звяртаўся. І мяне выгналі фактычна адтуль...» — тлумачыць Міхаіл надпісы на сваім плоце.
Суседзі да палітычнага блогу на плоце Лукашэвіча ставяцца неадназначна. Міхаіл распавёў, што аднойчы ад некага з суседзяў была скарга ў міліцыю, быццам у яго хаце наркотыкі ды зброя. Кажа, прыехалі міліцыянты, выбілі вокны, ладзілі вобшук... Нічога не знайшлі.
«Я ў савецкі час выступаў не супраць камунізму, а за справядлівасць... Я паважаю закон. Я за 63 гады ані ў выцвярэзніку, ані ў турме — нідзе не бываў. 15 сутак толькі меў за тое, што за жанчыну пабіўся быў... Пасля затрымання каля французскай амбасады сядзеў у той жа вар’ятні, дзе Высоцкі... Я хачу, каб мне дазволіла ўлада жыць паводле закону, а не пхала на яго парушэнне», — кажа Міхаіл.
Вароты ў двор Лукашэвіча
Пасля распаду Савецкага Саюзу жыццё Міхаіла Лукашэвіча не наладзілася. Спрабаваў рэабілітавацца, давесці, што ён не вар’ят. Кажа, што пасля адной з няўдач і распачаў пісаць на плоце. З мінулым «вар’ята» Лукашэвічу цяжка было здабыць працу і доўга на ёй утрымацца.
У выніку, кажа Міхаіл, пакінуў спробы стала працаўладкавацца і пачаў перабівацца часовымі падпрацоўкамі.
«Мне ўсё забаранілі. Жыць забаранілі... За рулём яшчэ ездзіў, але і гэта забаранілі. На свабодзе мне месца няма — мне або вар’ятня, або турма... Але я памру што так, што гэтак, у мяне хваробаў — і хранічных, і ўсялякіх...» — нярадасна апісвае Міхаіл Лукашэвіч свае перспектывы.
Пытаюся, як сваякі ставяцца да ягонай сітуацыі.
«Сям’я мая — гэта сабака і я...»
У снежні 2014 года Следчы камітэт Берасця распачаў супраць Міхаіла Лукашэвіча справу паводле ч. 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі — паклёп у дачыненні да прэзідэнта. Следчыя пакуль не разгалошваюць дэталяў справы, бо прызначаны шэраг экспертыз. Абвінавачанне пакуль не выстаўленае. Берасцейскі праваабаронца Уладзімер Малей распавёў, што ў лютым Міхаіл Лукашэвіч на тры дні быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Дома ў Лукашэвіча адбыўся ператрус — забралі фарбы, і пэндзлі, якімі мужчына быццам бы рабіў надпісы.
Паводле Уладзімера Малея, Лукашэвічу найхутчэй прызначаць псіхіятрычную экспертызу:
«Калі напішуць яму псіхічнае захворванне, то ў сувязі з гэтым суд яго не прыцягне да крымінальнай адказнасці. Могуць накіраваць на прымусовае лячэнне. А калі напішуць, што здаровы, то тады можа быць і лёгкае пакаранне — штраф. А можа быць і пазбаўленне волі да 4 гадоў».
Над плотам — шалі, якія дэманструюць “перавес хабару над законам”
Месца для надпісаў тут шмат, яны час ад часу мяняюцца