Журналістку Тамару Шчапёткіну не пусцілі на суд па яе справе
У судзе павінен быў адбыцца разгляд адміністрацыйнай справы па абвінавачанні Тамары Шчапёткінай у супрацоўніцтве з замежным СМІ (Беларускае Радыё Рацыя) без акрэдытацыі.
![sh4apiotkina1.jpg sh4apiotkina1.jpg](/img/v1/news/full/sh4apiotkina1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пры складанні пратаколу адміністрацыйнага правапарушэння яна не прысутнічала. На першым судовым працэсе пратакол быў адпраўлены на дапрацоўку. Пры дапрацоўцы Шчапёткіна зноў не
прысутнічала.
Журналістка прыехала ў суд за 40 хвілін да прызначанага часу, чаму ёсць сведкі. У 9 гадзін 10 хвілін з суда таксама пазванілі да адваката журналісткі і спраўдзілі, ці будуць яны са Шчапёткінай
пры разглядзе справы. Тым не менш справа была разгледжана суддзём Аляксандрам Семянчуком у адсутнасць журналісткі і яе абаронцы, пры гэтым пра прынятае рашэнне суддзя адмовіўся паведаміць і адвакату,
і самой журналістцы. Пра адмову ў правасуддзі Тамара Шчапёткіна напісала ў кнізе скаргаў і прапаноў на імя старшыні суда Пятра Баброўскага.
У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння ўказвалася, што 8 студзеня 2015 года Т. Шчапёткіна, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста на тэрыторыі РБ, знаходзячыся каля дома 411 па вул.
Чырвонагвардзейскай у г. Брэсце, узяла інтэрв’ю ў супрацоўніка міліцыі ДПС АДАІ Брэсцкага РАУС Сяргея Неліповіча. Інтэрв’ю было размешчана ў сетцы Інтэрнэт на сайце польскай
радыёстанцыі “Радыё Рацыя”. Згодна з пратаколам, Тамара Шчапёткіна парушыла патрабаванні ч.4 арт. 35 і 36 Закона РБ “Аб сродках масавай інфармацыі”, чым здейсніла
правапарушэнне згодна з арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).
Па словах Тамары Шчапёткінай, 8 студзеня ніякага інтэрв’ю ў Неліповіча яна не брала і наогул на сайце “Радыё Рацыя” не было інтэрв’ю з Неліповічам: ні
Шчапёткінай, ні кагосьці іншага. А вось невялікі каментар Неліповіча сапраўды любы, хто наведвае сайт “Беларускага Радыё Рацыя”, мог пачуць яшчэ 21 лістапада 2014 г. У каментары
капітан ДАІ Неліповіч кажа, што быў збіты Бельчуком, што ў яго быў разбіты нос і цякла кроў.
Паводле праваабарончага цэнтру "Вясна"