ЦВК: За чатыры дні датэрміновага галасавання на рэферэндуме прагаласавалі больш за траціну выбаршчыкаў

З 22 па 25 лютага ў рэферэндуме аб змяненні Канстытуцыі Беларусі, згодна з афіцыйным паведамленнем, узялі ўдзел 34,28% грамадзян, якія ўключаныя ў спісы выбаршчыкаў.

cvk_1.png


За чатыры дні датэрміновага галасавання на рэферэндуме нібыта прагаласавалі 34,28% грамадзян, якія ўключаныя ў спісы выбаршчыкаў.
Пра гэта паведаміла Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Згодна з афіцыйнымі данымі, у Гомельскай вобласці прагаласавалі 38,81%, у Магілёўскай — 38,17%, Брэсцкай — 36,67%, Мінскай — 33,85%, Віцебскай — 33,82%, Гродзенскай — 31,31%. Найменшы адсотак прагаласаваўшых датэрмінова — у Мінску (28,61%).
Асноўны дзень галасавання — нядзеля, 27 лютага.
Перад датэрміновым галасаваннем улады правялі некалькі прэвентыўных затрыманняў грамадскіх актывістаў і агулам узмоцнілі хвалю ператрусаў, якія не спыняліся з другой паловы 2020 года.
З розных рэгіёнаў Беларусі прыходзяць паведамленні пра тое, што на датэрміновае галасаванне прымушаюць ісці студэнтаў і работнікаў бюджэтнай сферы.
Еўрасаюз не стаў накіроўваць у Беларусь місію для назірання за галасаваннем, бо не прызнае яго легітымным, Францыя выступіла з асобнай заявай датычна галасавання і сваёй пазіцыі.