Чаму так мала людзей галасуюць за адзінага кандыдата?

Адзін з прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата Вольга Кавалькова распавяла пра нізкую актыўнасць насельніцтва ў галасаванні і выказала меркаванне, чаму так адбываецца.

primerise_1.jpg

Як вядома, працягваецца праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары, зараз працэдура галасавання праходзіць у інтэрнэце.
Пасля таго, як Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч адмовіліся ўдзельнічаць у праймерыз, прэтэндэнтаў засталося трое — Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова. Пакуль лідыруе Юрась Губарэвіч.
Вольга Кавалькова:Пакуль прагаласавала больш за тысячу чалавек, і гэта, безумоўна, не вельмі вялікая лічба. Мне хацелася б, каб актыўнасць была большая, але, мабыць, у першы тыдзень інтэрнэт-галасавання народ яшчэ не «прачнуўся», а затым будзе актыўней галасаваць.
Увогуле, як мне падаецца, ёсць дзве прычыны нізкай актыўнасці людзей пры галасаванні. Першая — не вельмі добрая інфармацыйная кампанія, практычна адсутнічае шырокая інфармаванасць насельніцтва пра праймерыз. Другая — сёння ў людзей тэма нумар адзін — гэта ўсё-такі сітуацыя з каронавірусам. Людзі хвалююцца за сваё жыццё, і гэта правільна.
РР: Можа быць, скандалы і сваркі ўнутры апазіцыі падчас праймерыз таксама паўплывалі на тое, што знізіўся давер народу да апазіцыйных структур?
Вольга Кавалькова: Мне складана пра гэта казаць, хаця, думаю, палітызаваныя людзі ўсё роўна далучаюцца да галасавання. Падаецца, што справа ў іншым — менавіта ў адсутнасці інфармацыі пра праймерыз. У СМІ гэта таксама не выклікае вялікай цікавасці, а таму і склалася такая сітуацыя.
Паводле Радыё Рацыя