Чаму ўлада зрабіла стаўку на гвалт?

Ці выйграе гэта стаўка? Пра гэта палітолаг Карбалевіч разважае ў блогу на Радыё Свабода.

marsz_8.11_dzijana_seradzjuk__22__logo_1.jpg


У мінулую нядзелю ўлады, відавочна, вырашылі даць пратэставаму руху рашучы адпор. Мабілізавалі ўсе сілы, уключаючы, паводле некаторых ацэнак, і вайскоўцаў. Прывезлі ў Менск міліцыю з рэгіёнаў. Ачапілі ўсю сталіцу, перавёўшы яе фактычна на асаднае становішча. Хапалі і білі даволі жорстка, як у найгоршыя часы. Такога хапуну Менск даўно ня бачыў. Да позняй ночы мікрааўтобусы з амапаўцамі палявалі на ўдзельнікаў акцыі. Затрымалі звыш 1 тысячы чалавек. Нельга выключаць, што ўсіх іх паспрабуюць пакараць паводле Крымінальнага кодэксу.

У пэўнай ступені тактыка сілавікоў дала плён. Пратэстоўцаў удалося падзяліць, разбіць на часткі, ня даць ім сабрацца разам. І ўжо разганяць іх асобнымі групамі.

Чаму ўлады ня сталі чакаць, калі пратэст сам сабой паступова пойдзе на спад з натуральных прычынаў, а вырашылі паскорыць працэс? На тое некалькі прычынаў.

Найперш, нецярплівасць. Глядзець, як кожную нядзелю сталіца ператвараецца ў свята непадпарадкаванага народу — гэта для некаторых пэрсанажаў невыносна.

Па-другое, улады адчулі псіхалягічную стомленасць людзей, якія выходзяць на пратэсты, і вырашылі выкарыстаць зручны момант.

Па-трэцяе, пратэст у рэгіёнах амаль сціх, мінімізаваўся. Таму мясцовую міліцыю можна спакойна перакінуць у Менск.

Па-чацьвёртае, трохмесячнае супрацьстаянне — гэта барацьба на змор, на знясіленне праціўніка. Хто першы ня вытрымае напругі. Можна думаць, што сілы супрацоўнікаў МУС на зыходзе. Таму трэба паспяшацца, каб адным махам, адным ударам пакончыць з пратэстамі і нарэшце спакойна выдыхнуць.

Па-пятае, можна меркаваць, што Расея цісне. Былі розныя гіпотэзы расейскіх экспэртаў, што маўляў, Пуцін даў Лукашэнка абмежаваны час, каб навесці парадак. А апошні ня ўкладваецца ў графік. Таму цяпер Лукашэнка і падганяе падзеі.

Іншая справа, ці правільны разлік уладаў. Ці не прынялі яны часовы спад пратэсту за іх канец? У гэтым ёсць вялікія сумневы.