Ганна Севярынец: Яны ідуць на ўсё гэта таму, што ім па-звярынаму страшна
Ганна Севярынец абагуліла свае назіранні над падзеямі апошняга марша і прыйшла да важнай высновы.
Калісьці мне давялося паўдзельнічаць у адным школьным канфлікце: клас паўстаў супраць двух хлопчыкаў. Паўстаў, што называецца, «па справе» — хлопцы тыя абодва былі надзвычай сапсаваныя сям'ёй, абсалютна невыхаваныя, злюшчыя, як ваўчаняты, мацюкаліся, біліся, штурхаліся, і ніякай управы на іх не было. Я трапіла ў гэты клас на замену, усяго на два тыдні, і першы тыдзень проста шалела ад гэтага звярынцу. Але я добра ведаю, што такіх ваўчанят трэба спачатку перавесці ў прастору звычайных чалавечых адносін — а потым глядзець, што да чаго.
Неяк у пятніцу арганізавала я ў іх нешта каманднае. Аднаго з ваўчанят прыстроіла ў каманду да моцнай, светлай дзяўчынкі, а другога, самага злога, ніхто да сябе катэгарычна не браў. І вось ужо трэба пачынаць працаваць камандамі — а гэты сядзіць за сваім сталом адзін, злюшчы, валасы дыбарам, вусны ў шалёнай сліне. «А давай, — кажу яму, — Мікіта, я буду з табой у камандзе. Вось нашы алоўкі, наш ватман, давай разам». Самой страшнавата: раней ён і слюні мне ў твар пускаў, і паперай скамячанай кідаўся, мне непрыемныя такія дзеці, я іх, па праўдзе сказаць, не надта люблю.
Але ён імгненна прасвятлеў тварам — і мы з ім за ўрок намалявалі тое, што трэба было намаляваць.
Назаўтра я ішла па калідоры, і трапіўся мне гэты Мікіта: ён бег аднекуль, запыханы, зноў злюшчы, але раптам спыніўся і кажа: «Мама, добрай раніцы».
Мне цяжка апісаць свае пачуцці. якія абрынуліся на мяне, там было не толькі шкадаванне ці разуменне, але шмат і негатыўнага, бо надта злюшчы і непрыемны быў хлопчык. І мяне сапраўды скаланула, калі ён назваў мяне «мамай». Мне б не хацелася быць мамай такому.
А ў панядзелак на літаратуры я неяк не ўсачыла за агульнай дыскусіяй, і клас зваліўся ў адкрытае цкаванне. За нешта зачапіліся — і панеслася: «Мікіта сволач! Мікіта казёл! Мікіта тое, Мікіта сёе, Мікіта такі, Мікіта сякі...» Я ўжо ўспацела, спрабуючы перавесці гутарку назад, але нічога не атрымлівалася. І я тады проста замаўчала, пачакала, пакуль усе выкрычацца, стомяцца, сціхнуць — бо Мікіта, канешне, пачаў гаўкаць і крычаць у адказ, і гэта доўжылася даволі доўга — а потым і кажу: «Дзеці, я цяпер хачу, каб мы разам уявілі сябе на месцы Мікіты. Вы ўсе наваліліся на аднаго. Ён вас баіцца. У такім стане ён не будзе харошым, ніколі. Гэта тупік».
Дзеці зноў закрычалі, але ўжо крыху цішэй, а Мікіта падыйшоў да мяне і сказаў (вочы чырвоныя, вусны абветраныя, зубы сціснутыя): «Я хачу напісаць вам ліст». «Пішы, Мікіта», — кажу яму і даю аркушык.
Праз пяць хвілін ён даў мне яго назад складзеным. Зверху было напісана: «Маме Анне Констатиновне». Тэкст унутры быў такім: «Они все крысы и идиоты».
У чацвер выйшла на працу іх няшчасная настаўніца, і я з вялікім задавальненнем збегла з гэтай невыноснай для мяне сітуацыі, а хутка бацькі гэтага класа дабіліся, каб Мікіту перавялі ў іншую школу. Гэта было лепей для ўсіх.
Я да чаго.
Людзі становяцца звярамі тады, калі моцна, па-нечалавечы, пужаюцца і баяцца. Калі нехта крычыць на вас у РАУСе альбо на вуліцы — ён крычыць таму, што страшэнна баіцца. Настаўнікі крычаць на дзяцей не таму, што сволачы, а таму, што страшна баяцца класаў і не ведаюць, што з імі рабіць. Сямейныя гвалтаўнікі гвалцяць свае сем'і не таму, што яны садысты, а таму, што яны па-звярынаму баяцца — адзіноты, нелюбові, непаслухмянасці, слова супраць, іншай пазіцыі — бо яны не ўмеюць бараніць сябе іначай. Каб гэта перамагчы, трэба не баяцца самому. З такіх сітуацый трэба сыходзіць — я не думаю, што ваўчанё можа стаць зайцам, надта глыбокія траўмы пакідае па сабе нелюбоў у сям'і, адсутнасць выхавання, прыродная некантраляваная злосць. Наогул мы маем няшмат сіл у змаганні з зубамі і кіпцюрамі. Але ў нас ёсць тое, што іх абяззбройвае: адсутнасць страху перад імі.
Я хадзіла ў нядзелю ўздоўж іхных баявых парадкаў. Там, дзе я была, — ля Планеты, роўненька за даўжэзным кардонам у аліўкавай форме — усе ваенныя былі амаль дзеці, дваццаць з нечым гадоў. Тыя, хто імі камандаваў, не былі спакойнымі альбо цвёрдымі — яны былі страшна ўзнерваванымі. Некалькі разоў я паспрабавала з імі пагаварыць — спакойна, пра нешта простае: «А як мне прайсці да стэлы?», «А можна вы прапусціце тую жанчыну, я з ёй якраз тут сустракалася?», «А можна перайсці дарогу?» — і яны адказвалі мне не спакойна, не з усмешкай, а з туманам у вачах, які бывае ў перапуджаных людзей. Яны крычалі, так. Але я добра разумела, што я іх не баюся, а яны мяне — баяцца, бо не ведаюць, чаго ад мяне чакаць. Хто я? Проста цётка з крамы — альбо наркаман, алкаголік і адначасова прастытутка?
У адным з невялікіх кардончыкаў, якімі былі перагароджаныя двары, стаялі нейкія курсанты. Праз балаклавы нават адсвечваў нейкі дзіцячы пушок на шчочках. Людзі, якія снавалі па дварах у пошуках выйсця, падышлі да іх і пачалі казаць ім у твар непрыемнае. Падышла і я, стаю, гляджу. Усе гэтыя хлопцы маўчалі, а адзін усміхаўся людзям спуджанай усмешкай і паўтараў, як папугай, на кожнае рэзкае слова: «Всё хорошо, всё хорошо, всё хорошо».
Я бачыла відэа з нядзельнага маршу, як недзе ў дварах пераапранаюцца курсанты: опа — і вось гэта ўжо не дзеці, а страшныя пачвары ў чорным. І ад іх жа таксама нехта бегаў па дварах. Ад дзяцей.
Я не хачу сказаць, што мы павінны ім дараваць, абдымаць іх альбо займацца з імі псіхатэрапіяй — не. Суд разбярэцца, каму што патрэбна, каму турма, а каму псіхатэрапія. Я хачу сказаць, што мы не павінны баяцца. Бо тыя, каго мы баімся, напуджаны да нечалавечага стану. Яны ідуць на ўсё гэта менавіта таму, што ім па-звярынаму страшна. Калі звер баіцца, ён лютуе.
Не ведаю, як вы ўспрымеце мой пост. Разумею, што ў ім шмат спрэчнага. Але давайце не баяцца. Няхай сабе і бегаць ад іх іншы раз — бо цяжка зразумець, хто гоніцца за табой, пераапранутыя курсанты альбо адбіты губопік. Але давайце ведаць, што яны нас баяцца значна, значна болей. І чым болей звярэюць — тым болей баяцца.
А там мы іх перавядзем у іншую школу. Закрытага тыпу. Так бывае заўсёды.