«Хада па мінным полі»: экскурсаводы адмяняюць аглядныя туры па Мінску

8 лістапада ў Полацку міліцыя затрымала шэсць чалавек, якія прыйшлі на аглядную экскурсію па горадзе. «Цяпер наша праца — рызыкоўная рэч. Ніколі не задумваліся, што экскурсія стане хадой па мінным полі», — абураны беларускія гіды.

«Раней каля Ратушы было шмат турыстычных аўтобусаў, цяпер — іншых аўтобусаў, нетурыстычных» / retrobusminsk.by

«Раней каля Ратушы было шмат турыстычных аўтобусаў, цяпер — іншых аўтобусаў, нетурыстычных» / retrobusminsk.by


Еўрарадыё даведалася, як змянілася апошнім часам праца экскурсаводаў і ці ёсць спосабы засцерагчы ад небяспекі турыстаў.


Як толькі экскурсія скончылася — пачаліся затрыманні

Ларыса Яцкевіч — экскурсавод, якая, апроч платных тураў, праводзіць са сваімі калегамі бясплатныя экскурсіі па Полацку ў нядзелі.

— Восьмага лістапада мы, як звычайна, сабраліся з турыстамі ў цэнтры горада. Побач не было ніякіх акцый пратэсту, але да нас падышлі тры міліцыянеры і папярэдзілі пра недапушчальнасць масавых мерапрыемстваў. Мы растлумачылі, што ў нас традыцыйная экскурсія, і прапанавалі ім пайсці з намі, паслухаць, — расказвае Еўрарадыё Ларыса.

Міліцыянеры пагадзіліся і суправаджалі турыстаў на працягу ўсяго шпацыру па горадзе. Але як толькі тур скончыўся і Ларыса развіталася з экскурсантамі — пачаліся затрыманні. У РАУС апынуліся шэсць чалавек.

— Не было сцягоў, лозунгаў. Гэта што, было запланавана? Каб штрафы выпісваць? Абурэнню прысутных не было мяжы. Цяпер мы плануем пісаць пракурору, мэру і дэпутатам, а таксама ў Міністэрства спорту і турызму. Але нас ужо папярэджваюць, што могуць абвінаваціць у арганізацыі масавых мерапрыемстваў, — дадае Ларыса.

Экскурсаводы даведаліся, што ўсіх затрыманых турыстаў пасля некалькіх гадзін у РАУС адпусцілі. Праўда, кожнаму выпісалі позву на наступную нядзелю «на гутарку».

— Сярод затрыманых была нават сямейная пара з дзіцем. Яны хацелі адвесці дзіця да бабулі, але міліцыя забрала ў РАУС усіх разам і трымала іх там доўга! — абураецца экскурсавод. — Цяпер ужо дакладна кожную нядзелю будзем праводзіць у Полацку бясплатныя экскурсіі. Для ўсіх, хто хоча ведаць нашу гісторыю.


Адменены аглядныя экскурсіі па Мінску

Сітуацыю з затрыманнямі падчас экскурсіі ў Полацку пракаментаваў Сяргей Бусько, старшыня Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў:

— Мы звярнуліся сёння ў Мінспорту па тлумачэнні. На цяперашні момант у нас няма ніякага пакета дакументаў, які б гарантаваў бяспеку турыстаў і экскурсаводаў падчас экскурсіі. Ні спіс турыстаў з пячаткай, ні бэйдж экскурсавода, ні дакументы аб аплаце — нішто не з’яўляецца гарантыяй ад папярэдняга затрымання.

Сяргей Бусько

Сяргей Бусько


Па словах Бусько, такая небяспечная абстаноўка адбіваецца на планаванні працы экскурсаводаў. Ужо адменены аглядныя экскурсіі па Мінску ў нядзелі. Папулярнымі сталі напрамкі тыпу Гервят, Шчучыншчыны, Навагрудка.

— Дзе, увогуле, менш людзей. Калегі не ведаюць проста, як гарантаваць турыстам бяспеку. З такімі абставінамі мы ніколі не сутыкаліся, — дадае Бусько. — Ніхто, напрыклад, не застрахаваны, што ў турыста не будзе надзеты белы бранзалет на руцэ. Цяпер экскурсія як хада па мінным полі. Раней на плошчы Незалежнасці ці каля ратушы было шмат турыстычных аўтобусаў, цяпер — іншых аўтобусаў, нетурыстычных.