Чэхія можа прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі

Пра хуткае абмеркаванне гэтага пытання на ўрадавым узроўні ў Чэхіі паведаміў пасля візіту ў Прагу Павел Латушка.

167976.jpg

Як паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінету, у Празе Латушка сустрэўся з кіраўніком ніжняй палаты Парламента Чэхіі Маркетай Адамавай. На сустрэчы абмяркоўвалася прымяненне інструментаў універсальнай юрысдыкцыі ў крымінальных справах супраць беларускіх сілавікоў, адказных за рэпрэсіі.

«Кіраўнік парламента паведаміла, што ўжо дасягнута дамоўленасць з міністрам замежных спраў Чэхіі аб разглядзе прапановы аб прызнанні Чэшскай Рэспублікай КДБ і ГУБАЗіКа тэрарыстычнымі арганізацыямі. Таксама Маркета Адамава ініцыявала збор подпісаў жанчын — лідараў парламентаў Кіпра, Літвы, Польшчы і Германіі за вызваленне Дар'і Лосік і гатоўнасць і надалей падтрымліваць усе магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў», — гаворыцца ў рэлізе Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Таксама адзначаецца, што Латушка перадаў «прапановы аб увядзенні Чэхіяй нацыянальных санкцый у дачыненні да некалькіх соцень прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі».

«Чэхія становіцца адным з лідараў у Еўропе па падтрымцы беларускага грамадства ў барацьбе за дэмакратычныя пераўтварэнні», — сказаў па выніках свайго візіта Латушка.