Дэпутат Мінгарсавету ўнёс у парадак дня сесіі пытанні пра гвалт і рэпрэсіі

Дэпутат Павал Бачарнікаў накіраваў зварот на імя старшыні Мінскага гарадскога савета Андрэя Бугрова з просьбай уключыць у парадак дня наступнай сесіі пытанні, звязаныя з акцыямі пратэсту, якія праходзяць пасля сфальшаваных выбараў.

mingorispolkom_dalniy_vid.jpg


Дэпутат просіць разгледзець пытанні вызвалення палітвязняў, расследавання гвалту, а таксама магчымасці збірацца на масавыя мерапрыемствы па заяўным прынцыпе, паведамляе Радыё Свабода.

Бізнесмен Павел Бачарнікаў з’яўляецца дэпутатам ад Слабадской акругі ў Малінаўцы. Пасля выбараў ён выступіў супраць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, а таксама аб’яднаў намаганні з дэпутаткай Мінскага гарсавета Вольгай Цесаковай.

У звароце Бачарнікаў піша: «З 9 жніўня наш горад стаў арэнай грубых парушэнняў правоў грамадзян, жорсткага падаўлення мірных акцый пратэсту. Органы ўлады і кіравання самаўхіліліся ад выканання сваёй асноўнай функцыі прадстаўлення і абароны інтарэсаў народа. Улада для захавання інтарэсаў меншасці спрабуе маніпуляваць грамадскай свядомасцю, груба падмяняючы паняцці і фальсіфікуючы факты.

Прамаруджванне абраннікаў народу ў выразным выражэнні і вызначэнні грамадзянскай пазіцыі, заснаванай на запыце выбаршчыкаў, вядзе як да дыскрэдытацыі дэпутатаў, так і ўсяго канстытуцыйнага інстытута народаўладдзя».

 «Ад імя і па даручэнні жыхароў Мінска» дэпутат Бачарнікаў просіць уключыць на разгляд бліжэйшай сесіі Мінгарсавета наступнае:

  • Запатрабаваць і прыняць комплекс мер і дзеянняў па вызваленні ўсіх зняволеных і затрыманых на падставах, звязаных з пратэстнымі акцыямі і выказваннем грамадзянскай пазіцыі;
  • Даць прынцыповую ацэнку нічым не справакаванаму і неабгрунтаванага гвалту, які адбываецца ў Мінску з 9 жніўня, прымяненню спецсродкаў, спецыяльнай і баявой тэхнікі, дамагчыся спынення антыгуманных дзеянняў;
  • Стварыць камісію па выяўленні прычын і падстаў узнікнення пратэстных акцый з ліпеня 2020 года і іх сілавога падаўлення;
  • Даць ацэнку дзеянням органам следства пры разглядзе зваротаў грамадзян па фактах забойстваў, замаху на забойства, збіццю падчас затрыманняў, пры суправаджэнні і знаходжанні ў РУУС і ЦІП.
  • Дамагчыся поўнага і абʼектыўнага расследавання гэтых спраў, няўхільнага, бесперашкоднага забесьпячэння прававой дапамогі грамадзянам па дадзенай катэгорыі спраў;
  • Даць жыхарам Мінска магчымасць праводзіць масавыя мерапрыемствы ў родным горадзе па заяўным прынцыпе.