Не народ для дзяржавы!
Галоўным сімвалам новай эры і стаў прыназоўнік «для», што ўклініўся паміж назоўнікамі «дзяржава» і «народ». Гэта яму чалавецтва абавязанае нараджэннем таталітарных ідэалогій.
На сайце «Незалежнай газеты» 30 студзеня я прачытаў артыкул «Нетаньяху прывёз з Расіі дзяўчыну і любоў выбаршчыкаў». 26-гадовую ізраільцянку завуць Наама Ісахар. У красавіку 2019 года яна была арыштаваная ў транзітнай зоне аэрапорта Шарамеццева і прысуджаная да сямі з паловай гадоў турэмнага зняволення за захоўванне 9,5 грама гашышу. У дзень візіту ізраільскага прэм’ера дзяўчына была памілаваная і паляцела дадому на яго самалёце.
Далей цытата: «Кіраўнік Цэнтра блізкаўсходніх даследаванняў ІМЭМА імя Я.М. Прымакова РАН Ірына Звягельская ў размове з "Незалежнай газетай" адзначыла, што ў Ізраілі ўважліва сачылі за візітам Нетаньяху ў Расію. "Гэта звязана і з блізкаўсходняй здзелкай, і яшчэ больш — са “справай Ісахар”. Тое, што Нетаньяху змог яе вярнуць дадому, вядома, дадасць яму балаў падчас перадвыбарчай кампаніі", — сказала яна».
Парламенцкія выбары ў Ізраілі адбудуцца 12 сакавіка. Не ў прыклад «Краіне пад белымі крыламі», палітычнага адзінства на Зямлі Запаветнай не назіраецца. Асноўная барацьба чарговым разам разгорнецца паміж блокам «Кахоль-Лаван», што ўзначальвае Бені Ганц, і правай партыяй «Лікуд» Нетаньяху. Паводле апытанняў, «Лікуд» можа разлічваць на 58 месцаў, «Кахоль-Лаван» — на 55.
Сіла Беларусі — у адзінстве. Прынамсі, у гэтым нас рэгулярна пераконвае дзяржаўная прапаганда. Наадварот, сіла Ізраіля — у канкурэнцыі. «Справа Ісахар» была б немагчымая ў краінах, у якіх парламенты не з’яўляюцца месцам для дыскусій. Складана сабе ўявіць, каб адзіны палітык (АП) ці яго расійскі калега асабіста заняліся б лёсам шараговага грамадзяніна, ды яшчэ асуджанага за наркотыкі.
Ну і цаца! І яе яшчэ за дзяржаўны кошт, і не эканом-класам, а на самалёце прэм’ера дадому даставілі. Але коштам авіяпералёту выдаткі ізраільскіх падаткаплацельшчыкаў не абмежаваліся. Захавальнікі духоўных скрэпаў у якасці ўмовы памілавання грамадзянкі Ізраіля высунулі перадачу Расіі Лізавецінскага падворка ў Ерусаліме (гістарычны будынак у комплексе Рускіх пабудоў, плошчай 4 612 м²). І гэта ўмова была выканана!
«Гэта ключавое»
Мне ўжо неаднаразова даводзілася нагадваць, што дзяржаву для народа не варта блытаць з дзяржавай народа. Якая паміж імі розніца? Фармальна — нязначная: у першым выпадку прыназоўнік «для» прысутнічае, у другім — яго няма. Пра што, здавалася б, тут весці размову!
А між тым — розніца прынцыповая. У першым выпадку перад намі тыповая дзяржава бюракратаў, якія, зыходзячы з асабістых інтарэсаў, самастойна вызначаюць, колькі і на якіх умовах выдзяляць народу ад грамадскага пірага. Між іншым, ад таго самага пірага, які народ і выпякае.
Сваю ж долю таго пірага чыноўнікі ад народа імкнуцца хаваць. Варта прызнаць, што робяць яны гэта паспяхова. У прыватнасці, у Беларусі заканадаўчымі актамі не прадугледжаная магчымасць распаўсюджвання інфармацыі пра задэклараваныя даходы чальцоў урада.
А ва ўсіх нашых суседзяў прадугледжаная! Нават у рускіх — тых, што без знака якасці. А нам, відаць, той знак якасці перашкаджае. З ім рана ці позна (хутчэй позна, чым рана. — Рэд.) разбярэмся, аднак ёсць больш важкая прычына, імя якой — справядлівасць.
Калі хто забыўся, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая прэтэндуе на ролю астраўка сумленнасці і справядлівасці. Не я гэта прыдумаў. Не з маёй адукацыяй і не з маім жыццёвым досведам падымацца да такога ўзроўню абагульненняў.
«Справядлівасць павінна быць пакладзеная ў аснову ўсіх чалавечых узаемаадносінаў. І дзяржавы з чалавекам у тым ліку», — растлумачыў АП сваё разуменне месца справядлівасці ў беларускай мадэлі 3 лютага 2017 года, а для тых, хто не ўлавіў галоўнага, зрабіў важны дадатак: «Матэрыяльнае становішча дзяржслужачых павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам ці падзеннем жыццёвага ўзроўню нашага насельніцтва. Гэта ключавое».
Але прадэклараваць — гэта адно, а рэалізаваць на практыцы — зусім іншае. Вось для таго, каб грамадзяне не заўважалі разыходжанняў словаў са справай, у дзяржаве для народа і адсутнічае закон пра абавязковую дэкларацыю чыноўнікамі (слугамі народа) сваіх даходаў.
Жыццё — капейка
«Восень 1917 года кардынальна змяніла ход сусветнай гісторыі. Адзначыла пачатак новай эры чалавечага развіцця, заснаванай на прынцыпах сацыяльнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму», — цалкам справядліва заўважыў АП у сваім віншаванні з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі 6 лістапада 2019 года.
Галоўным сімвалам новай эры і стаў прыназоўнік «для», што ўклініўся паміж назоўнікамі «дзяржава» і «народ». Гэта яму чалавецтва абавязанае нараджэннем таталітарных ідэалогій, імя якім — сацыялізм, фашызм і нацызм. Аб’ядноўвала гэтую тройцу любоў да моцнай дзяржавы і нянавісць да індывідуалізму.
Сваяцтва заснавальнікаў новай (г.зн. неліберальнай) эры адзначаў яшчэ нобелеўскі лаўрэат Фрыдрых фон Хаек у кнізе «Дарога да рабства» (1944): «Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў Германіі да 1933 года, а ў Італіі да 1922-га камуністы і нацысты (адпаведна, фашысты) часцей уступалі ў сутыкненне адзін з адным, чым з іншымі партыямі. Яны змагаліся за людзей з пэўным тыпам свядомасці. Але іх справы паказвалі, наколькі яны былі насамрэч блізкія. Галоўным ворагам, з якім яны не маглі мець нічога агульнага і якога не спадзяваліся пераканаць, быў для абедзвюх партый чалавек старога тыпу, ліберал».
«Моцная дзяржава» — законна народжанае дзіцё Першай сусветнай вайны з яе шматмільённымі войскамі і масавай мабілізацыяй цывільнага насельніцтва, без якой забеспячэнне армій усім неабходным на працягу доўгага часу было б немагчыма.
Новая эра будавалася на адмаўленні базавых каштоўнасцяў заходняй цывілізацыі, якія сыходзяць каранямі ў хрысціянства і антычную філасофію. Канчаткова яны сфарміраваліся ў эпоху Адраджэння. Яе асноўнай рысай, як справядліва заўважыў Хаек, з’яўлялася «павага да асобы як такой, г.зн. прызнанне абсалютнага суверэнітэту поглядаў і схільнасцяў чалавека ў сферы яго жыццядзейнасці, якой бы спецыфічнай яна ні была, і перакананне ў тым, што кожны чалавек павінен развіваць уласцівыя яму таленты».
Абмен маладой жанчыны Наам Ісахар на 4 612 квадратных метраў Лізавецінскага падворка — сучасны прыклад савецкага фразеалагізму «Два светы — два лёсы». Абмен гэты варта прызнаць узаемавыгадным, бо ў выніку кожны бок набыў больш, чым аддаў: Ізраіль атрымаў свайго чалавека ў абмен на сваю нерухомасць, Расія прырасла нерухомасцю ў цэнтры Ерусаліма — і нічога пры гэтым свайго не аддала. Да квадратных метраў варта яшчэ прыплюсаваць бонус у выглядзе прадэманстраванай міласэрнасці.
Жыццё — капейка. Якая яшчэ руская прыказка здольная лепш праілюстраваць тое, што ў сучаснай Расіі прынята называць «духоўнасцю»?
Хавайся ў бульбу
У пачатку 1990-х гадоў нацыянальна арыентаваныя грамадзяне прапаноўвалі замяніць у Беларусі рублі на талеры, а капейкі — на грошы. Безумоўна, такое аднаразовае дзеянне каштоўнасць асобна ўзятых жыццяў не падвысіла б, але яно стала б важным элементам напрамку, па якім варта было рухацца.
Сёння ж, у поўнай адпаведнасці з пачаткам новай эры чалавечага развіцця, якая стартавала ў 1917 годзе ды так і не завяршылася ў Беларусі, калі і можна казаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця, то толькі аднаго.
Менавіта гэтым дзяржаўная прапаганда і займаецца на рэгулярнай аснове. Адзін прыклад: «Таму найпершай задачай грамадзян-патрыётаў павінна быць пільнасць, якая тычыцца ўсіх праблем падтрымкі А.Р. Лукашэнкі народнымі масамі. Не забяспечыўшы патрэбнай і своечасовай падтрымкі прэзідэнту, мы ўсе разам патрапім у бездапаможнае і жалю вартае становішча, з якога не будзе выхаду на працягу стагоддзяў» («Рэспублiка», 2005/04/05 №61).
Залатыя словы! Шкада толькі, што ўвасобіць іх у жыццё ў поўным аб’ёме так і не атрымалася. Не верыце? Тым, хто сумняваецца, прапаную звярнуцца да прэс-рэлізу нарады аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці ад 28 студзеня: «Багатых людзей нямала. Папрасіце ў іх патрошку, хай адшчынкуць вам у гэты фонд, разумеючы, што нам трэба сялян ратаваць (вылучана. — Рэд.)».
Сяляне — далёка не «ўсе мы». Доля сельскага насельніцтва ў 2019 годзе склала 21,6%, і ўсе яны трапілі ў бездапаможнае і жалю вартае становішча. І іх у тэрміновым парадку неабходна ратаваць. Але ў дзяржавы для народа сродкаў на выратаванне народа няма. Вось і даводзіцца ёй звяртацца да багатых людзей.
Дажыліся! Хавайся ў бульбу. Адно радуе, што бульба на сялянскіх падворках усё яшчэ расце.