Дзяніс Садоўскі: улады не збіраюцца праводзіць сапраўдныя выбары
Рашэнне ЦВК прызначыць мясцовыя выбары на 18 лютага 2018 года спраўджвае найгоршыя прагнозы адносна выбарчай кампаніі, лічыць адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і кіраўнік кампаніі назірання «Права выбару» Дзяніс Садоўскі.
![1497607851_98dcf90a_248c_413f_ba6d_56e96ee2d942_cx13_cy6_cw61_w650_r1_s.jpg 1497607851_98dcf90a_248c_413f_ba6d_56e96ee2d942_cx13_cy6_cw61_w650_r1_s.jpg](/img/v1/images/1497607851_98dcf90a_248c_413f_ba6d_56e96ee2d942_cx13_cy6_cw61_w650_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Зноў улада абірае даты, якія найменш падыходзяць для любой выбарчай кампаніі ў любой краіне. Збор подпісаў — найбольш цяжкі перыяд для любога кандыдата — будзе адбывацца ў маразы, падчас абодвух святкаванняў Раства і Новага году. Відавочна, што гэта будзе найбольш складаная кампанія для кандыдатаў», — заявіў ён.
На яго думку, гэта адмыслова робіцца, каб ніякіх рэальных выбараў у краіне на фоне ўсіх святаў не было чуваць. «Агітацыйны ж перыяд прыпадае адразу пасля Новага году — у мёртвы сезон і ў самыя лютыя маразы, калі немагчыма выставіць нармальныя пікеты», — падкрэсліў адказны сакратар БХД.
«Ужо зараз можна казаць, што, на жаль, нават абіраючы дату, улады не збіраюцца праводзіць выбары. Іх галоўная задача — каб пра выбары ніхто не пачуў, каб усё прайшло, як звычайна. Але большасць дэмакратычных партый ужо прыняла рашэнне пра ўдзел у выбарах. Кампанія "Права выбару” таксама рыхтуецца да кампаніі назірання. І хоць абраныя даты будуць ускладняць працу, мы зробім максімальна, што ад нас залежыць, каб прадэманстраваць Беларусі і міжнароднай грамадскасці, як рэальна адбываюцца выбары ў Беларусі», — заявіў Дзяніс Садоўскі.