Еўракамісія прапанавала прыпыніць дамову аб спрашчэнні візавага рэжыму ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў

Еўракамісія 29 верасня прапанавала часткова прыпыніць дзеянне пагаднення Еўрасаюза з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму, перадае «Радыё Свабода».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Бруселі паведамілі віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі і камісар у прамоцыі еўрапейскага ладу жыцця Mаргарытыс Схінас і камісарка ўнутраных спраў ЕС Ілва Ёхансан.
«Мы не будзем караць беларускі народ за дзеянні ўлад. Прыпыненне дзеяння з'яўляецца кропкавым, накіраваным на дзяржаўных чыноўнікаў і ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў», — заявіў на прэс-канферэнцыі Схінас.
Як паведамляецца ў адмысловым прэс-рэлізе, рашэнне прымаецца ў адказ на «спробы беларускага рэжыму па дэстабілізацыі Еўрасаюза і яго дзяржаў-сябраў спрыяннем нерэгулярнай міграцыі дзеля палітычных мэт», а таксама ў адказ на прыпыненне Мінскам дзеяння пагаднення з Бруселем аб рэадмісіі.
Прэс-рэліз падкрэслівае, што прапанова Еўракамісіі датычыць «спецыфічных катэгорый чыноўнікаў, звязаных з беларускім рэжымам» і не закране звычайных грамадзян Беларусі, якія могуць далей карыстацца выгодамі, што дае пагадненне з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму.
Пасля таго, як прапанова Еўракамісіі будзе зацверджаная Радай ЕС, абмежаванні ў дзеянні пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю закрануць чальцоў беларускіх афіцыйных дэлегацый, запрошаных на тэрыторыю ЕС для перамоў, кансультацый або па праграмах абмену; афіцыйныя асобы беларускага ўрада цэнтральнага і рэгіянальнага ўзроўняў; дэпутатаў і членаў Нацыянальнага сходу Беларусі; суддзяў і чыноўнікаў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі.
Як паведаміла «Польскае Радыё» напярэдадні рашэння Еўракамісіі, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў Бруселі, мяркуецца, што афіцыйныя асобы з Беларусі будуць праходзіць жорсткія працэдуры пры атрыманні візы для ўезду ў Еўрасаюз, а таксама не будуць вызваленыя ад аплаты і не атрымаюць аўтаматычна шматразовых віз.
Пагадненні паміж Бруселем і Мінскам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ўступілі ў сілу ў ліпені 2020-га. У прыватнасці, паводле візавага пагаднення наступіла зніжэнне для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 еўра і скарачэнне тэрміну выдачы віз да 10 дзён.
28 чэрвеня 2021-га Мінск прыняў рашэнне прыпыніць дзеянне пагаднення з ЕС аб рэадмісіі.