Сябра Еўракамісіі заявіла, што Лукашэнка знаходзіцца «ў роспачы»
Менавіта з гэтым, на думку Ілвы Ёхансан, звязаныя спробы кіраўніка Беларусі «выпхнуць» мігрантаў у Еўрасаюз, піша «Радыё Свабода».
ЕС займае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да свайго рэжыму санкцый супраць аўтарытарнага кіраўніка Беларусі, які «ў роспачы выштурхвае» мігрантаў у ЕС, заявіла высокапастаўленая прадстаўніца Саюза.
Камісарка ЕС ва ўнутраных справах Ілва Ёхансан заявіла, што кіраўнік Беларусі «не з'яўляецца тым партнёрам», з якім блок гатовы супрацоўнічаць, падкрэсліўшы, што ЕС не можа пагадзіцца з яго дзеяннямі.
«Мы ўбачылі, што Лукашэнка — чалавек у роспачы, які цяпер знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, і ён не можа гэтаму даць рады», — сказала Ёхансан пасля перамоў з міністрам унутраных спраў Кіпра Нікасам Нурысам.
«Таму ён дзейнічае ў адчаі, імпартуючы людзей з адзінай мэтай — выслаць або, фактычна, выпхнуць іх у ЕС. Вядома ж, мы не можам з гэтым пагадзіцца», — заявіла Ёхансан.
За апошнія месяцы члены Еўрасаюза Польшча і Літва прынялі нетыпова вялікую колькасць мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, якія прыбылі праз мяжу з Беларуссю.
Паток мігрантаў пачаўся пасля таго, як заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць урада Лукашэнкі ў сувязі са спрэчнымі прэзідэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 года і рэпрэсіямі супраць апазіцыі.