Еўрасаюз назваў гібрыднай атакай міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю
Еўракамісія прыняла ў сераду план дзеянняў у дачыненні да міграцыі. У гэтым плане ЕК акрэсліла сітуацыю на мяжы Літвы, Латвіі і Польшчы як гібрыдную атаку з боку Беларусі.
Чалец Еўракамісіі Віргініюс Сінкявічус удакладніў, што так званы «міграцыйны пакет» быў прыняты год таму, а сёння прайшла яго ацэнка разам з дадаткам адносна гібрыднай атакі Беларусі, піша «Еўрарадыё» са спасылкай на Delfi.lv.
На думку Сінкявічуса, новае рашэнне ЕК дазваляе спадзявацца на больш эфектыўную дапамогу ў вырашэнні такіх сітуацый у будучыні.
Літва сутыкнулася ў апошнія месяцы з нечуванай плынню нелегальных мігрантаў. Сёлета ў краіну з Беларусі прыбыло амаль 4200 нелегальных мігрантаў. Пасля таго, як Літва закрыла межы, нелегалы накіраваліся ў Польшчу і Латвію.
Праз сітуацыю з мігрантамі Літва, Латвія і Польшча вымушаныя былі ўвесці на мяжы з Беларуссю рэжым надзвычайнага становішча.