Генпракуратура Беларусі накіравала Расіі просьбу аб выдачы Кудзіна
Генпракуратура Беларусі накіравала на адрас Генеральнай пракуратуры РФ просьбу аб выдачы Аляксея Кудзіна для прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці. Рашэнне заснавана на Канвенцыі дзяржаў-удзельніц СНД аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 года, удзельнікамі якой з'яўляюцца абедзве краіны.
Кудзіна абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з ужываннем гвалту па частцы 2 артыкула 363 КК. Крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасці суда Маладзечанскага раёна, паведамляе REFORM.by са спасылкай на прэс-службу Генпракуратуры.
Баец ММА Аляксей Кудзін, які ўцёк з Беларусі, быў затрыманы ў Маскве 21 студзеня. Фонд спартыўнай салідарнасці ініцыяваў збор подпісаў аб прыпыненні экстрадыцыі затрыманага ў Маскве байца ММА. 22 студзеня падмаскоўны суд прыняў рашэнне ўзяць Кудзіна пад перадэкстрадыцыённы арышт, далей будзе прынята рашэнне, ці выдадуць спартсмена уладам Беларусі.
У Беларусі Кудзін быў абвешчаны ў вышук пасля таго, як у лістападзе ён не з'явіўся на суд па крымінальнай справе аб супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. Кудзін знік у дзень суда. Пазней стала вядома, што ён пакінуў Беларусь. Кудзіна затрымалі 12 жніўня за падзеі на цэнтральнай плошчы Маладзечна 10 жніўня. Там праходзіла акцыя пратэсту, але Кудзін сцвярджае, што не ўдзельнічаў у ёй. Паўтары тыдні спартовец правёў пад вартай, 21 жніўня яго перавялі пад хатні арышт.
Аляксей Кудзін — пяціразовы чэмпіён свету па тайскім боксе сярод аматараў, двухразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу сярод аматараў, чэмпіён свету па кікбоксінгу сярод прафесіяналаў, баец ММА.