Ірына Халіп будзе балатавацца ў Палату прадстаўнікоў
Журналістка Ірына Халіп вырашыла паўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах, паведамляе Еўрарадыё. Яе ініцыятыўная група зарэгістраваная ў Партызанскай выбарчай акрузе №110 у Мінску.

Ірына Халіп
Па гэтай акрузе склаўся найбольшы «конкурс» — ажно 9 чалавек хочуць вылучацца кандыдатамі. Сярод канкурэнтаў Халіп — каардынатар руху «За Свабоду» па Мінску Віктар Янчурэвіч, намеснік старшыні партыі левых «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў, тэлевядоўца Тэнгіз Думбадзе.
Ірына Халіп распачала сваю журналісцкую кар’еру напрыканцы 1980-х гадоў. Працавала ў шэрагу незалежных СМІ, такіх як газета «ИМЯ», БДГ. З сярэдзіны 2000-х гадоў з’яўляецца ўласнай карэспандэнткай расійскай «Новой газеты» ў Беларусі.
У 2010 годзе трапіла за краты ў «справе Плошчы». Яе муж Андрэй Саннікаў быў кандыдатам у прэзідэнты і прадстаўляў «Еўрапейскую Беларусь», быў асуджаны да 5 гадоў калоніі, а ў 2012 годзе памілаваны.
Ірына Халіп выйшла з СІЗА пад хатні арышт, пазней была асуджаная на два гады зняволення з адтэрміноўкай. Amnesty International прызнала яе вязнем сумлення.