«Я сам прапанаваў КДБ супрацоўніцтва» — сябра сойму Партыі БНФ

Зміцер Каспяровіч — актывіст, колішні ўдзельнік «Маладога Фронту», а зараз сябра сойму партыі БНФ распавёў аб сваёй супрацы з КДБ

kaspjarovicz.jpg


У сярэдзіне красавіка Змітра затрымалі ў Мінску, пазней яго статус быў не зусім вызначаны. Паведамлялася, што ён нібы вызвалены, альбо знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Сам Зміцер Каспяровіч змог збегчы на днях у Літву. Там і даў каментар свабоднаму радыё.
Прыводзім некаторыя вытрымкі.
Змітру 40 гадоў, у 2006 паспеў адсядзець 6 месяцаў за спробу вывешвання сцяга па-над будынкам Мінгарвыканкаму.
У красавіку 2022 вярнуўся ў Мінск, і ўжо літаральна праз 1,5 дні дзьверы яго кватэры штурмавалі людзі з органаў.
«Ува мне нешта спрацавала. Калісьці я займаўся скалалажаньнем; можа, збоку гэта выглядае нейкім вар’яцтвам, але мне дастаткова проста спусьціцца з кватэры на ніжнія паверхі. Ніякага адмысловага абсталяваньня ў мяне не было. Спачатку пагрукаў у кватэру на трэцім паверсе — там нікога не было. А вось на другім мяне пусьцілі. Праўда, хутка папрасілі сыходзіць. Я вырашыў скакаць з другога паверху. Скокнуў на плітку, зламаў пятку», — расказвае Зміцер.
«Мне званілі, зьвярталіся на вы: «Вяртайцеся, вам нічога ня будзе». Ага, вы толькі што выбілі дзверы ў кватэры — і мне нічога не будзе. Я прыбег да свайго сябра А., ён мне даў абутак, швэдар. Пяць дзён я хаваўся ў яго. У мяне быў варыянт нелегальна пераходзіць мяжу празь лес, але як гэта зрабіць з паламанай голай? У тую гадзіну я перасоўваўся на вазе, а ў прыбіральню хадзіў на карачках. У выніку я вырашыў сам выйсьці на КДБ, з кантактам дапамаглі знаёмыя. Мне далі нумар, я набраў яго».
З агентам КДБ яны сустрэліся на Паўночных могілках.
«Ён сеў у маю машыну і мы крыху ад’ехалі. Фактычна, я сказаў, што ня супраць супрацоўніцтва. Нічога тады канкрэтнага не прагучала. Празь нейкі час мне прызначылі сустрэчу ля колішняга кінатэатра «Зьмена». Супрацоўнік КДБ выйшаў з блізкага ўпраўленьня і зноў сеў у машыну да мяне. Ён сказаў, што не давярае мне. І ў любы момант яны могуць здаць мяне ГУБАЗіКу, але прапанавалі прайсьці размову на дэтэктары хлусьні. Зразумела, я мог нешта сказаць, але нічога істотнага дакладна не гаварыў. Я ратаваў сваё жыцьцё. Як там у ізраільскай арміі: калі трапляеш у палон, то маеш права на любыя дзеяньні з мэтай захаваньня жыцьця».
Зміцер працягвае: «Адзінае патрабаваньне ад мяне было паведамляць пра ўсе выхады з кватэры. Я так ад гэтага стаміўся, што пачаў нават груба адказваць, ці трэба мне паведамляць, калі я захачу памастурбаваць ня ў хаце? Кажуць, не, пра такое ня трэба. А вось з кім сустракаюся і размаўляю — абавязкова. У той час я сьвядома абмежаваў усе свае кантакты, каб нікога не падставіць».
Аднак ёсць некаторая неадназначная інфармацыя.
Вядома пра затрыманне двух чалавек, якія дапамагалі Каспяровічу хавацца ад сілавікоў. Некаторыя мяркуюць, што менавіта паказанні Змітра маглі быць вырашальнымі ў тых арыштах. Сам мужчына гэта абвяргае.
«Мяне ўвесь час распытвалі пра Варшаву — Латушку, Лявончыка, чамусьці Дзіянава. Як я зразумеў, у іх няма нармальных агентаў там, таму і вырашылі — раптам са мной атрымаецца. Калі б мяне пасадзілі паводле 342 артыкулу, то нічога асабліва б не было, а тут зьявіўся шанец, што я буду сачыць за рознымі людзьмі», — кажа Зміцер.
Калі Каспяровіч выяжджаў аўтобусам у Літву, то яго затрымалі на мяжы.
«Я быў у сьпісах на арышт. Мне атрымалася патэлефанаваць чалавеку ў КДБ, які паабяцаў, што мяне „адмажуць“. Празь 2,5 гадзіны мяне адпусьцілі. Калі я перасек мяжу, то адразу быў гатовы расказаць сваю гісторыю журналістам. Гаварыць праўду — гэта найлепшая абарона».