Вайсковага пенсіянера прысудзілі да 12 гадоў калоніі за «кактэйлі Молатава»

Праваабаронцы расказалі падрабязнасці справы аб «кактэйлях Молатава» ў вайсковай частцы ў Баранавічах.

Дзмітрый Нешта

Дзмітрый Нешта


Нагадаем, на гэтым тыдні Генпракуратура паведаміла пра тое, што жыхара Баранавічаў асудзілі на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў «здзяйсненні акту тэрарызму» (арт. 289 Крымінальнага кодэкса).
Згодна з матэрыяламі справы, 26 верасня 2020 года мужчына вырабіў у гаражы тры «кактэйлі Молатава», затым аднёс іх да аўтамабільнай стаянкі вайсковай часткі 7404, падпаліў і кінуў на тэрыторыю стаянкі. Як сказана ў прэс-рэлізе пракуратуры, адзін з кінутых прадметаў стукнуўся аб лабавое шкло аўтамабіляў вайскоўцаў, якія знаходзіліся на стаянцы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну клічуць Дзмітрый Нешта. Ён вайсковы пенсіянер, працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе. Яго затрымалі ў кастрычніку 2021 года. Нядаўна ён быў уключаны ў «спіс тэрарыстаў» КДБ.
Справа ў дачыненні да яго была разгледжаная 23 чэрвеня ў судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў. Працэс вяла суддзя Юльяна Шчэрба.
Ён абвінавачваўся ў «незаконных дзеяннях з паляўнічай агнястрэльнай зброяй» (ч. 1 арт. 295-3 КК) і «здзяйсненні тэракта» (ч. 1 арт. 289 КК). Па першым артыкуле яго асудзілі да 1 года пазбаўлення волі, а па другім — да 11 гадоў.
Таксама яго пазбавілі звання падпалкоўніка.
Паводле reform.by.