Як апазіцыянер Лукашэнка крытыкаваў бы прэзідэнта Лукашэнку

«Салідарнасць» уявіла, як Аляксандр Лукашэнка ацаніў бы некаторыя дзеянні кіраўніка дзяржавы, калі б паглядзеў на іх з боку.



pidzhak28_b.jpg

«ГЭТА БЫЛА ГАНЬБА ДЛЯ КРАІНЫ»
 

Факты: Напачатку 2013-га кіраўнік дзяржавы заявіў, што некалі Станіслаў Шушкевіч прыйшоў на сустрэчу з Білам Клінтанам у «пакамячаным паліто». Аднак вядома, што ў 2010 годзе ў Лацінскай Амерыцы сам Лукашэнка на пляжы даў інтэрв'ю, як ён выказаўся, «голым».

Што сказаў бы апазіцыянер Лукашэнка: «Прэзідэнт — ёсць нейкі стандарт і ў адзежы, і ў гальштуках, і ў кашулях, і гадзінніках. Гэты ваш твар. Журналісты каменя на камені не пакінулі, калі Лукашэнка ў Венесуэле прыйшоў на інтэрв'ю голым, у майтках, ці то пасля п'янкі, ці то чаго. Гэта была ганьба для краіны».

«АСАБЛІВА АБУРАЕ ЛЮДЗЕЙ…»
 

Факты: У апошнім пасланні народу і парламенту Лукашэнка скрытыкаваў за асабістую нясціпласць кіраўнікоў прадпрыемстваў. Вядома, што кіраўніку дзяржавы не так даўно ў Туркменістане купілі самалёт.
 

Што сказаў бы апазіцыянер Лукашэнка: «Асабліва абурае людзей, калі на словах заклікаючы краіну да эканоміі,  ашчаднасці, кіраўнік дзяржавы, якая загразла ў пазыках, як у тых шаўках, купляе сабе, любімаму, новы самалёт за 100 млн даляраў, будуе Палац незалежнасці, ездзіць на «Майбаху» і гэтак далей».

«ПРЫМУШАЙЦЕ ЯГО БУДАВАЦЬ»
 

Факты: У 2012-м кіраўнік дзяржавы рэзка скрытыкаваў мэра Мінска за зрыў інвестыцыйнага поекта. Аднак вядома, што дзелавы цэнтр «Мінск-сіці», узвядзенне якога Лукашэнка ўхваліў яшчэ ў 2007-м, так і не быў пабудаваны.
 

Што сказаў бы апазіцыянер Лукашэнка: «Выступіў Лукашэнка: ах, расійцы з «Ітэры» «Мінск-Сіці» пабудуюць. Падпісалі некалькі гадоў назад рашэнне. І што сёння? Дзе гэта? Кажу праваахоўным органам — ідзіце і арыштоўвайце прэзідэнта Лукашэнку, прымушайце яго будаваць. Ты ўзяў зямлю? Хадзіў, прасіў. Чаму не будуюць?»

«І ЁН ЯШЧЭ ХОЧА БЫЦЬ ПРЭЗІДЭНТАМ?!»
 

Факты: Кіраўнік дзяржавы здзекліва выказаўся пра Уладзіміра Някляева, збіццё якога атрымала шырокі рэзананс. Аднак вядома, што ў 94-м Лукашэнка актыўна дэманстраваў журналістам свой падраны пінжак.

pidzhak28.jpg

Што сказаў бы апазіцыянер Лукашэнка: «І гэты Лукашэнка яшчэ хоча быць прэзідэнтам. Табе пінжак падралі, а ты лямантуеш на ўвесь свет. Ты ж павінен трываць. Табе ўжо столькі гадоў, а ты яшчэ не навучыўся сваімі глуздамі варушыць».

 

«ТЫ ПАВІНЕН НЕ ДАВАЦЬ НАГОДЫ ДЛЯ ТАКІХ ВЫСТУПЛЕННЯЎ»
 

Факты: 19 снежня 2010-га ў Мінску была жорстка разагнана мірная акцыя пратэсту. Аднак праз год Лукашэнка заявіў, што на месцы Мядзведзева выйшаў бы да пратэстоўцаў на Балотнай плошчы ў Маскве.
 

Што сказаў бы апазіцыянер Лукашэнка: «Не трэба думаць, што гэта модна і таму гэтыя дзеці выйшлі 19 снежня… Гэта не толькі модна. Гэта ж у сям'і абмяркоўваецца, гэта незадаволенасць, гэты хлапчук слухае, штосьці бачыць, і ў яго складаецца думка. Гэта не толькі, што ён такі круты ці яму толькі грошы заплацілі. Ты павінен не даваць прычын да такіх выступленняў, а калі яны з'яўляюцца, ты павінен мець у сябе ў арсенале такую зброю ці прыладу: выйдучы да народа адкрыта так, ты мог стрэліць і людзі развядуць рукамі. Вось 19 снежня сабраліся. Лукашэнка, выйдзі і скажы… І ў цябе павінна быць тое, што ты павінен пакласці на стол людзям і сказаць. І яны развядуць рукамі».

«ХІБА АДКАЗНЫ ПАЛІТЫК АСМЕЛІЦЦА СКАЗАЦЬ ТАКОЕ?!»
 

Факты: У 2011-м кіраўнік дзяржавы скрытыкаваў апазіцыю, якая заклікае да санкцый «супраць народа». Аднак праз месяц Лукашэнка заявіў пасля падарожжа ў Казахстан, што яму «сорамна за беларускі народ».
 

Што сказаў бы апазіцыянер Лукашэнка: «Хіба адказны палітык, які займае крэсла прэзідэнта і хоча заўтра застацца ў ім, асмеліцца сказаць такое?! Ды я б баяўся лішняе слова сказаць, дзе б не мог чагосьці абгрунтаваць, тым больш выступаць супраць народа свайго. Ты ж заўтра на выбарах пойдзеш да яго прасіць, каб за цябе прагаласавалі. Хто за цябе будзе галасаваць, калі ты едзеш у Казахстан і пачынаеш крычаць: «Мне сорамна за беларускі народ»?!»

Васіль Гальчанюк, «Салідарнасць»