Якаўлеўскі: амбасадар ЗША можа з'явіцца нашмат раней, чым чакалі ў Мінску

Амбасадар ЗША можа з'явіцца ў Беларусі ўжо вясной 2020-га. Пра гэта ў эфіры «Еўрарадыё» распавёў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, які спасылаецца на свае крыніцы.



Амбасада ЗША ў Менску, фота www.svaboda.org

Амбасада ЗША ў Менску, фота www.svaboda.org

Раман Якаўлеўскі адзначыў: "Па некаторых звестках, ён [амбасадар] можа з'явіцца ў Беларусі нашмат раней, чым чакалі ў Мінску... Да лета. Атрымліваецца, што да прэзідэнцкіх выбараў як у Беларусі, так і ў Злучаных Штатах... Па некаторых звестках, гэта было вялікай нечаканасцю для беларускага боку".

Амбасадары былі адкліканы пасля таго, як вясной 2008-га ЗША ўвялі санкцыі супраць "Белнафтахіма" (рэакцыя на парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне). Мінск адклікаў свайго пасла і прапанаваў з'ехаць амбасадару Злучаных Штатаў Карэн Сцюарт. Штат амерыканскай амбасады ў Мінску скарацілі з 35 да 5 чалавек, дыппрадстаўніцтва ачольваў часовы павераны. Пацяпленне адносін адбылося ў 2014 годзе. Неаднаразова пра жаданне палепшыць дачыненні з ЗША заяўляў Аляксандр Лукашэнка.

Пра тое, што Мінск і Вашынгтон вырашылі аднавіць міждзяржаўныя дачыненні на ўзроўні амбасадараў, стала вядома ў верасні 2019-га. Тады гэта было аб'яўлена па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і намесніка дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвіда Хэйла. Хэйл заявіў пра "гістарычны момант у беларуска-амерыканскіх адносінах". Дакладная дата прыезду амерыканскага амбасадара не называлася.

1 лютага чакаецца афіцыйны візіт у Беларусь кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Майка Пампеа. Перад гэтым ён наведае Украіну. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі мяркуе, што ў Вашынгтоне могуць быць палітыкі, якія спадзяюцца "адарваць Лукашэнку ад Масквы". Якаўлеўскі не верыць у такое развіццё падзей. "Блытаюцца надзеі з ілюзіямі", — кажа ён.

Палітычны аглядальнік лічыць, што "Злучаныя Штаты вяртаюцца ў рэгіён". У часы прэзідэнта Барака Абамы амерыканцы пагаджаліся, што наша краіна знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі. Цяпер жа, кажа Раман Якаўлеўскі, у Вашынгтона іншая пазіцыя, гэта адказ на "агрэсіўную палітыку Масквы". І з гэтым звязана актыўнасць амерыканскай дыпламатыі.

euroradio.fm