«Ніякага цкавання чыноўнікаў, якія не здзейснілі сур'ёзных злачынстваў»

Каардынацыйная Рада заклікала чыноўнікаў да дыялогу і прапанавала сумленным прафесіяналам агульную працу дзеля развіцця і незалежнасці.

f0d4006d_0a9c_421a_abda_7ad0ec356bc7_w1023_r1_s_1_.jpg

Каардынацыйная Рада звярнулася да чыноўнікаў.
У звароце гаворыцца пра сур'ёзны палітычны крызіс у краіне, выкліканы ігнараваннем дзвюх падставовых каштоўнасцяў беларускага народу: праўды і справядлівасці. Фальсіфікацыі на выбарах зруйнавалі праўду, а збіццё і катаванні мірных грамадзян, якія выказвалі сваю нязгоду, было пачварнай нясправядлівасцю. "Гэтая нясправядлівасць не можа быць забытая".
Рада адзначае, што палітычны крызіс, які можа мець цяжкія эканамічныя наступствы, мусіць вырашацца мірным і цывілізаваным шляхам.
Каардынацыйная Рада заклікае службоўцаў, па-першае, выказаць сваю пазіцыю. Гэта важна для грамадства, грамадства і гісторыі.
Па-другое, далучыцца да дыялогу. "Мы павінны чуць і паважаць адзін аднаго," — гаворыцца ў звароце.
Па-трэцяе, разумныя і сумленныя прафесіяналы ў дзяржаўных установах заўжды будуць запатрабаваныя. "Тыя, хто здзейсніў сур'ёзныя злачынствы супраць свайго народу, вядома, мусяць панесці адказнасць. Але ніякага цкавання іншых чыноўнікаў, праваахоўнікаў за тое, што яны знаходзіліся на дзяржаўнае службе апошнія гады, мы лічым, быць не павінна. Нам усім трэба кансалідавацца".
Рада падкрэслівае, што гісторыя дае нам шанец стаць адзінай нацыяй, захаваць незалежнасць, краіну і дамагчыся развіцця. Будучыня залежыць ад учынкаў кожнага з нас.