Сёння вы нас, заўтра ён вас...

«Звар’яцелы пацук загнаны ў кут, ён пакуль сілкуецца вашым страхам. Але як толькі вырвецца, перш за ўсё будзе грызці вас». Адкрыты зварот да старшыняў выканкамаў, дэпутатаў розных узроўняў, дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў.

Сыходзь!  Фота Valery Sharifulin, TASS

Сыходзь! Фота Valery Sharifulin, TASS

Я не палітык, усяго толькі рэдактарка незалежнай беларускамоўнай газеты. Я 26 гадоў назіраю за тым, як зневажаецца наша краіна. Сёння можна ўбачыць шмат зваротаў усіх да ўсіх. Але гэты зварот — менавіта да тых, каго мы называем чыноўнікамі, тых, ад каго сёння не ў малой ступені залежыць, якім шляхам будзе крочыць наша Беларусь.

Звяртаюся да старшыняў выканкамаў, сельсаветаў, дэпутатаў усіх узроўняў, да дырэктарату дзяржаўных прадпрыемстваў.

Ён сказаў, што не аддасць уладу, не аддасць нават мёртвы… Але ў яго няма ўлады. Яго ўлада сёння — гэты вы, тая вертыкаль, якую ён выбудоўваў шмат гадоў, якую песціў і бэсціў, якую ўзнагароджваў і публічна ганьбіў, якую запрашаў на прыёмы і кідаў у турмы.

Сёння вас палохаюць тым, што новая ўлада з вамі расправіцца. Што яшчэ ён можа сказаць? Гэта ж яго метады. Вы думаеце, што калі будзеце выконваць яго бязглуздыя загады, то застанецеся на сваіх месцах? Зірніце ў гісторыю, у 1938 годзе, пасля Вялікага тэрору пад расстрэлы і ў турмы пайшлі тыя, хто яшчэ ўчора выконваў загады правадыра.

Вы думаеце, зараз загоніце людзей на працу, разгоніце пратэстныя акцыі, згоніце людзей на падтрымку вар’ята — і будзеце зноў сядзець у сваіх кабінетах? Дарэмна. Ён ніколі і нікому нічога не дараваў.

Не прадбачылі, упусцілі, папусцілі, дапусцілі… Кожны атрымае сваё. Ці вы ўжо забыліся пра лёс сваіх папярэднікаў? Памятаеце, яны таксама выконвалі загады, паслухмяна цярпелі знявагі, думалі, што пранясе… Не пранесла. Добра, калі проста скінулі з пасадаў. Але шмат хто сёння за кратамі. Хтосьці паспеў збегчы. Ды што я вам расказваю, вы і самі ўсё ведаеце.

Я звяртаюся да старшыняў выканкамаў усіх узроўняў!

Гэта вы — улада сёння. І вы ведаеце і бачыце, колькі на самай справе людзей яго падтрымлівае. Не, не 3%, прыкладна ад 12 да 20 — у залежнасці ад рэгіёна. Вы бачыце тых людзей, якія сёння выходзяць на мірныя акцыі. Яны ветлівыя, светлыя, прыгожыя і добразычлівыя. Яны не хочуць нічыей крыві, яны проста вельмі хочуць нарэшце жыць у нармальнай краіне, дзе знявага і гвалт не будуць нормай.

Спадзяюся, і вам хацелася б жыць у такой краіне. І вам хацелася б не дрыжаць перад кожным разносам, перад кожнай нарадай, пасяўной, уборачнай… І вам хацелася, каб вашы дзеці, унукі, праўнукі жылі ў краіне, дзе каштоўнасцю ёсць годнасць смеласць, праўда.

Калі так, то толькі вы можаце сёння ўсё гэта спыніць! Спыніць хлусню, прымус, знявагу, гвалт! Бо гэта вы — улада! Калі вы не будзе выконваць вар’яцкія загады аднаго азлобленага не вельмі здаровага чалавека — у яго не будзе ніякай улады.

Падумайце, адзіны шлях застацца сёння чалавекам, не згубіць рэшту годнасці — гэта выйсці і стаць побач з вашым народам. Адзіны шлях выратаваць нашу Беларусь — пачаць карыстацца сваёй уладай і будаваць новую краіну. Я веру, што многія з вас гэта разумеюць і сёння пра гэта думаюць. Зрабіце наступны крок.

Я звяртаюся да дэпутатаў усіх узроўняў, у там ліку Палаты прадстаўнікоў!

Усё яшчэ веру, што сярод вас ёсць тыя, хто ўмее бачыць і чуць, хто разумее — у вас ёсць магчымасць і, спадзяюся, хопіць духу пачаць разам з большасцю народа будаваць новую Беларусь. Гэта вы ствараеце і прымаеце законы! Але каму патрэбныя законы, калі кожны з іх лёгка перакрэсліваецца вар’яцкім загадам?! Я веру, вам надакучыла перманентная знявага, вам таксама хацелася б быць сапраўднымі парламентарыямі, якіх будуць паважаць ва ўсіх краінах і якім будуць паціскаць руку дэпутаты іншых парламентаў. Вы можаце ўсё змяніць. Абвясціце сапраўдныя вынікі выбараў, пачніце працэдуру імпічменту. Вам пасля скажуць дзякуй вашы дзеці, унукі. Ваша сумленне.

Я звяртаюся да дырэктарату дзяржаўных прадпрыемстваў!

Паглядзіце вакол. Вы ж бачыце, што большасць народу нашай краіны не падтрымлівае састарэлага вар’ята. Вы бачыце, што рабочыя на вашых прадпрыемствах хочуць жыць у краіне, дзе нават не свабода, а жыццё і здароўе кожнага чалавека стануць каштоўнасцю. Вы бачыце, што яны гатовыя застацца без працы, каб іх дзеці нарэшце вылезлі з таго лайна, куды іх заганялі 26 гадоў.

Вы ж разумныя людзі, і, напэўна, усведамляеце, што як бы вы цяпер ні шчыравалі, заганяючы рабочых пагрозамі звальненняў і абяцанкамі прэмій, ён вам ужо ўсё роўна не даруе. Скончацца пратэсты — і скончыцца ваш час. Ён кожнаму нагадае пра тое, што дапусцілі, недагледзілі, недаціснулі. Вы ж ведаеце лёс сваіх папярэднікаў! Шмат хто з іх быў пакараны і за меншае…

Адзіны шлях гэтага пазбегнуць — выйсці разам з вашымі рабочымі. І паказаць, хто сапраўдны гаспадар у нашай міралюбнай і працавітай краіне!

Выбар ёсць у кожнага! Цяпер крок за кожным з вас! Звар’яцелы пацук загнаны ў кут, ён пакуль сілкуецца вашым страхам. Але як толькі вырвецца, перш за ўсё будзе грызці вас. Спыніце гэта! Вы гэта можаце! Гэта вы — улада!

1608.jpg