«Дыктатура дрыжыць ад страху перад вамі». Ціханоўская звярнулася да рабочых

Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да рабочых беларускіх прадпрыемстваў з заклікам працягваць забастоўкі.

cihanouskaja_lida_dzijana_seradzjuk___6__logo_1.jpg

У сваім звароце Святлана Ціханоўская падзякавала рабочым за адзінства і вытрымку і заклікала не баяцца.
«Вы запалохалі дыктатуру. Яна дрыжыць ад страху перад вамі, вашай сілай і мужнасцю. Таму сёння вы адчуваеце велізарны ціск. Таму зазнаеце пагрозы.
Забастоўкі заціснулі дыктатуру ў кут. Паранілі яе ў самае сэрца, таму цяпер вас усімі спосабамі спрабуюць падзяліць і пасварыць. Бо калі мы будзем усе разам, у гэтага рэжыму не застанецца ні адзінага шанцу.
Забастоўкі — гэта абсалютна легальная і магутная зброя супраць рэжыму. Яны гэта ведаюць. І таму вас запалохваюць», — сказала Ціханоўская.
«Пакіньце страх дыктатуры. Памятайце: вы не адны, з вамі ўся Беларусь», — зазначыла кандыдатка.
Яна нагадала пра фонды падтрымкі рабочых, якія ўжо пачалі першыя выплаты і папрасіла рабочых працягваць і пашыраць забастоўкі, бо ад гэтага залежыць будучыня Беларусі.