Лідар "Перспектывы" Анатоль Шумчанка не выключае, што пойдзе ў палітыку

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка не выключае, што пойдзе ў  палітыку.



shumchenko2_245.jpg

Лідар арганізацыі, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў малога бізнесу, 14 верасня ў Мінску правёў прэзентацыю вынікаў конкурсу "Лепшы рэгіён Беларусі для вядзення бізнесу ІП у 2015 годзе". У межах гэтага конкурсу "Перспектыва" правяла анкетаванне каля 400 індывідуальных прадпрымальнікаў з Мінска, усіх абласных цэнтраў і буйных раённых цэнтраў Беларусі. Некалькі пытанняў у анкеце закраналі палітыку.
Сярод іншага рэспандэнтам прапанавалі адказаць, ці трэба бізнесу сёння займацца палітыкай і вылучаць палітычныя патрабаванні. Станоўча на гэтае пытанне адказалі 45% апытаных прадпрымальнікаў, адмоўна — 55%. Шумчанка заявіў, што пяць гадоў таму колькасць тых, хто "за", была б нязначнай.
Акрамя таго, удзельнікаў анкетавання спыталі, ці падтрымалі б яны ідэю вылучэння лідара "Перспектывы" ў якасці кандыдата на прэзідэнцкую пасаду або дэпутата парламента. За гэтую ідэю выказаліся 80% апытаных, супраць — 16%, астатнія 4% рэспандэнтаў не змаглі адказаць.
"Сёння, калі я хаджу па рынках, першае пытанне, якое мне задаюць прадпрымальнікі: чаму ты не балатуешся на выбарах прэзідэнта? На поўным сур'ёзе пастаянна аб гэтым пытаюцца. Кажуць, маўляў, ідзі — мы б галасавалі", — сказаў Шумчанка.
Лідар "Перспектывы" падкрэсліў, што ўключанае ў анкету пытанне, якое тычыцца яго фігуры ў палітычным полі Беларусі, не гаворыць аб тым, што ён пойдзе ў палітыку. Аднак і не абверг такой магчымасці, сказаўшы толькі, што яго кандыдатура на дзяржаўныя пасады — "гэта не цяпер, не на гэтых выбарах, гэта пытанне нават не сённяшняга дня". "Гэта пытанне таго, ці ёсць у мяне як у грамадскага дзеяча будучыня. Атрымліваецца, што так, ёсць. Людзі не супраць, а калі яны не супраць, значыць, я іду ў правільным напрамку", — заявіў ён.
"Я буду займацца той дзейнасцю, якой займаюся, буду ісці тым шляхам, якім іду. Ён калісьці прывядзе рана ці позна", — падсумаваў Шумчанка.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН