Лукашэнка прапанаваў Аліеву шэраг новых кірункаў супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана

Шэраг новых кірункаў супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана прапанаваў Аляксандр Лукашэнка азербайджанскаму калегу Ільхаму Аліеву на перамовах у Мінску 28 лістапада, паведамляе  belapan.by



000019_101474_big.jpg

Паводле слоў беларускага кіраўніка, у цяперашнім няпростым становішчы Беларусь і Азербайджан не дапусцілі прыкметнага зніжэння ўзаемнага тавараабароту. "Тым не менш час патрабуе ад нас хуткіх, эфектыўных рашэнняў для нарошчвання эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку і на рынках трэціх краін", — прыводзіць словы Лукашэнкі дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА


Ён прапанаваў разгледзець з удзелам дзелавых колаў Азербайджана кааператыўныя магчымасці ў сферы нафтахіміі, энергетыкі, сельскай гаспадаркі. 


Таксама, заявіў Лукашэнка, беларускі бок можа прапанаваць недарагія, але надзейныя аўтобусы "МАЗ" малога і сярэдняга класа для ўдасканалення транспартных зносінаў, чыгуначныя пасажырскія цягнікі, што выпускаюцца сумесна са швейцарскай кампаніяй "Штадлер", а для гарадскіх перавозак — камфартабельныя аўтобусы на экалагічных газагенератарных рухавіках, зборку якіх можна наладзіць у Азербайджане. 


Кіраўнік дзяржавы прапанаваў паслугі беларускіх спецыялістаў у далейшым удасканаленні транспартнай інфраструктуры Азербайджана. Да прыкладу, у праектаванні ліній і пастаўцы абсталявання для арганізацыі руху хуткаснага гарадскога рэйкавага транспарту паміж цэнтрам Баку і яго прыгарадамі. У тым ліку ў забеспячэнні дадатковых камфортных умоў зносінаў з аэрапортам імя Гейдара Аліева. 


Лукашэнка таксама мяркуе, што істотныя рэзервы ёсць у развіцці сустрэчных паставак тытуню і цыгарэт. Паводле яго слоў, такія адносіны трэба ствараць на доўгатэрміновай аснове. 


На думку беларускага кіраўніка, асаблівую актуальнасць у сучасным свеце мае сфера інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі. Таму, мяркуе ён, неабходна працягваць працаваць над пошукам сумесных праектаў у гэтай сферы. 


Паспяховым назваў Лукашэнка сумесны з Азербайджанам праект па зборцы беларускіх трактароў МТЗ, тэхнікі МАЗ і МЗКТ на Гянджынскім аўтамабільным заводзе. З 2007 года на яго плошчах сабрана больш як 6 тыс. трактароў "Беларус" і каля 3 тыс. аўтамабіляў і прычэпаў. 


Лукашэнка выказаў надзею, што цяперашняя сустрэча на вышэйшым узроўні надасць дадатковы імпульс працэсу развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, напоўніць яго новым канкрэтным зместам. 


"Азербайджан быў і застаецца надзейным сябрам і партнёрам Беларусі, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовыя гэтак жа шчыра і адкрыта садзейнічаць прасоўванню вашых інтарэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, калі вам гэта будзе выгадна".

 belapan.by