Лукашэнка: Украіна павінна заставацца непадзельнай, але Крым дэ-факта — частка Расіі
"Украіна павінна заставацца адзінай, непадзельнай і цэласнай, але Крым дэ-факта сёння — частка Расіі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Мінгарсавета на ўчастку № 1 Вяснянскай выбарчай акругі № 39.
"Крым не з'яўляецца незалежнай дзяржавай, як тая ж Асеція, Абхазія і гэтак далей. Крым сёння — частка тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Можна
прызнаваць гэта ці не прызнаваць, але ад гэтага нічога не зменіцца", — сказаў Лукашэнка.
"Мы свой пункт гледжання вызначылі і выказалі. Ад нас ніхто і не патрабуе прызнаць і падтрымаць расіян або наадварот. Я шчыра кажу: ад мяне і ад нашых праўладных структур, МЗС ніхто
гэтага не патрабуе", — сцвярджае кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Лукашэнка заўважыў: "Гэта кепска, што давялося Расіі прымаць такія меры".
"З-за гістарычнага мінулага, таго, што мы адзіны народ, ствараем адзіны праект, мы будзем з Расіяй. Трэба спыніць гэтыя спекуляцыі. Калі паўстане пытанне, мы заўсёды будзем з Расіяй
— гэта я і сказаў Пуціну ў апошняй размове", — паведаміў кіраўнік дзяржавы.
На пытанне БелаПАН, ці азначаюць яго словы аб непадзельнай і цэласнай Украіне, што Беларусь дэ-юрэ лічыць незаконнай анексію Крыма Расіяй, Лукашэнка адказаў: "Мы
такімі мацернымі словамі наогул не размаўляем і не выказваемся — па-першае. Па-другое, дэ-факта я сказаў, што адбылося. Што будзе дэ-юрэ, гэта мы ўбачым пазней".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН