Лукашэнка адхіліў магчымасць уваходжання Беларусі ў склад Расіі
Аляксандр Лукашэнка адхіляе магчымасць уваходжання Беларусі ў склад любой дзяржавы, «нават брацкай Расіі».
Пра гэта ён заявіў 5 снежня ў час звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савета Рэспублікі.
«Запомніце: я не пацан, які адпрацаваў тры-чатыры-пяць гадоў прэзідэнтам. Мне хапіла вось так. І я не хачу перакрэсліць усё, што зрабіў я разам з вамі, з народам, стварыўшы суверэнную, незалежную дзяржаву, каб яе зараз абкласці ў нейкую скрыню з крыжом наверсе і некуды выкінуць альбо перадаць. Гэтага пры мне не будзе ніколі», - заявіў Лукашэнка. Фрагмент відэазапіса яго выступу з'явіўся ў телеграм-канале «Пул первого».
«Мы ніколі не збіраліся і не збіраемся ўваходзіць у склад любой дзяржавы, нават брацкай Расеі», — дапоўніў беларускі кіраўнік.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны, Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ніхто ніколі не падпіша дакументы, якія прынясуць Беларусі шкоду. Пры гэтым, паводле яго слоў, бакі не вядуць дыялог па палітычных пытаннях, напрыклад аб стварэнні адзінага парламента.
Лукашэнка паведаміў, што праца над праграмай дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы і пакетам "дарожных карт", а таксама дамовамі па адчувальных для абодвух бакоў пытаннях знаходзіцца на завяршальнай стадыі.
У той жа час кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што пакуль не вырашаны шэраг прынцыповых пытанняў, у прыватнасці па газе і нафце. «Нават элементарнае пытанне не вырашана па бруднай нафце. А мы ж правалілі ВУП у асноўным з-за нафтавых праблем», — сказаў афіцыйны лідар.
Раней планавалася, што дарожныя карты паглыбленай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (усяго іх 31) будуць прадстаўлены на разгляд лідэраў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна да 1 снежня, каб падпісаць іх праз тыдзень, у 20-ю гадавіну дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы. У лістападзе Сяргей Румас заявіў, што дакументы не будуць падпісаныя без уліку беларускіх інтарэсаў. 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў час галасавання на парламенцкіх выбарах выказаў абурэнне стратамі, якія нясе эканоміка краіны з-за новых умоў, якія высоўваюцца Расеяй. «Выбачайце, на хрэна патрэбен каму такі саюз?» — сказаў афіцыйны лідар.
6 снежня ў Сочы адбудзецца сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Чакаецца, што яны абмяркуюць ход ўзгаднення дарожных карт паглыбленай інтэграцыі.
Пуцін і Лукашэнка плануюць правесці перамовы ў Сочы 7 снежня. Гэтую інфармацыю пацвердзіў напярэдадні прэс-сакратар расейскага лідэра Дзмітрый Пяскоў.
Паводле naviny.by