Лукашэнка — ураду: Схавацца за спіну некага не атрымаецца

Тры месяцы для таго, каб "згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі" даў Лукашэнка запатрабаваў ад урада, Нацбанка і губернатараў эфектыўнага вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

lukaszenko_respublika_belarus_novosti_2454952.jpeg

 
Прымаючы 18 красавіка справаздачу ўрада аб выніках развіцця краіны ў першым квартале і мерах па павышэнні эфектыўнасці эканомікі, кіраўнік дзяржавы нагадаў: "Летась мы дамовіліся аб развіцці нашай краіны ў гэтым годзе. Былі пастаўленыя канкрэтныя задачы. Тады мы дамовіліся, што па паўгоддзі дадзім сур'ёзную ацэнку працы адпаведных структур, перш за ўсё ўрада, Нацыянальнага банка, службовых асоб, у тым ліку губернатараў, па развіцці Беларусі ў гэтым годзе і выкананні даведзеных заданняў".
"Матрыца задач для вертыкалі ўлады ў мяне на стале, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Чырвоным колерам пазначана тое, што не выканана. Сіні колер — поспехі ў выкананні планавых заданняў. Гэтая матрыца ў цэлым у чырвоным колеры. Хацелася б пачуць тлумачэнні ў сувязі з гэтым".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, згодна з існай практыкай, за тыя ці іншыя праблемы прынята вінаваціць урад і губернатараў. Разам з тым, дадаў ён, "сур'ёзную долю адказнасці павінны несці і вышэйшыя службовыя асобы, якія маюць адпаведныя шырокія паўнамоцтвы і статус". Лукашэнка папярэдзіў, што пры адсутнасці станоўчай дынамікі і вынікаў ім будуць прымацца кадравыя рашэнні. "Гэта тычыцца ўсіх. У вас яшчэ ёсць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі. Калі не, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца. Таму збірайцеся разам і дзейнічайце. Калі хто-небудзь штосьці не цягне, уносьце неадкладна прапановы. Схавацца за спіну некага не атрымаецца", — падкрэсліў ён.
Лукашэнка звярнуў увагу на ролю Адміністрацыі прэзідэнта "як палітычнага штаба па ажыццяўленні галоўнага кантролю за працай розных дзяржаўных структур". "Усе рашэнні мною прынятыя. Ваша задача — выразна і адназначна дакладваць, што адбываецца і што будзем рабіць. Не зацягваючы, не бюракратызуючы ніводзін з працэсаў, не прапускаючы міма ніводнай з добрых прапаноў", — заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што "далейшай стратэгіі развіцця Беларусі сёлета будуць прысвечаныя два важныя мерапрыемствы": першае — пасланне прэзідэнта беларускаму народу і парламенту; другое, "самае галоўнае", — Усебеларускі народны сход, "дзе будуць канчаткова з улікам існага вопыту і дасягнутых вынікаў вызначаныя задачы на перспектыву".
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з пасланнем да народа і парламента Лукашэнка звернецца 21 красавіка. Усебеларускі народны сход запланаваны на пачатак чэрвеня.
Марына Носава, БелаПАН