Міхаіл Чыгір: Пажылі на халяву — і хопіць!
Былы прэм’ер-міністр выказаў сваё меркаванне з нагоды так званай «паглыбленай інтэграцыі» з Расіяй.
Афіцыйны Мінск не бачыць сэнсу працаваць над «дарожнымі картамі» па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй, пакуль не вырашаны пытанні з пастаўкамі нафты ў краіну, заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
«Давайце вырашым пытанне з нафтавымі пастаўкамі, а потым ужо будзем далей думаць, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Не працуе цяпер рабочая група (Беларусі і Расіі па інтэграцыі), і сэнсу няма цяпер працаваць над гэтымі «дарожнымі картамі», пакуль не будуць вырашаны гэтыя пытанні».
Міхаіл Чыгір адзначыў у каментары «Радыё Рацыя»:
— На гэтым этапе Беларусі непатрэбна ніякая паглыбленая інтэграцыя. Паглядзіце, што робіць апошнім часам ў адносінах паміж Расіяй і Беларуссю. Малочныя, мясныя, нафтавыя і газавыя войны. Суцэльныя скандалы, пастаянныя палкі ў колы з боку Расіі. Краіны, якія варожа настроены адзін да адной, знаходзяцца ў лепшых стасунках, чым гэтыя “саюзнікі”. Таму пра якую інтэграцыю можна казаць? Няхай спачатку разбяруцца ў сённяшніх праблемах, а затым ужо трэба рухацца некуды далей. Таму міністр замежных спраў усё правільна сказаў.
— Усе ж разумеюць, што ў канчатковым выніку жадае мець Расія — яшчэ адну губерню…
— А вось гэта нават не павінна абмяркоўвацца. Таму трэба назаўжды забывацца пра танныя расійскія нафту і газ, каб Масква больш не шантажавала гэтым. Пажылі на халяву — і хопіць! Трэба прыстасоўвацца да новых умоў існавання і жыць так, як жывуць многія іншыя краіны. І ў многіх выпадках даволі нядрэнна жывуць. Гэта нават не вельмі прыстойна жыць за кошт іншай краіны, а бясплатны сыр, як вядома, бывае толькі ў пастцы.
Паводле Беларускае Радыё
Рацыя