Мікола Дзядок супраць «Саўбелкі»: прызначана пасяджэнне суда
Наш сталы аўтар і былы палітвязень па «справе анархістаў» Мікола Дзядок атрымаў павестку з суду Савецкага раёна Мінска, у якой прызначаная дата пасяджэння па яго грамадзянскай позве аб абароне гонару і спагнанні маральнай шкоды.

Фота з сацыяльных сетак
Аб гэтым Мікола Дзядок паведаміў у сваей старонцы ў Фэйсбуку.
Нагодай для зварота ў суд стаў артыкул Андрэя Мукавозчыка «Анархия — мать...», апублікаваны на сайце газэты «СБ. Беларусь сегодня», прысвечаны ўдзелу беларускіх анархістаў у вясновых пратэстах супраць Дэкрэту №3. У тым артыкуле Мукавозчык параўнаў Дзядка з тэрарыстамі і «абвінаваціў» у тым, што ён закідваў амбасаду Расійскай Федэрацыі кактэйлямі Молатава, хаця сам Дзядок сцвярджае, што нават у ягоным прысудзе такое абвінавачанне адсутнічала.

Мікола Дзядок заклікае жадаючых прыйсці ў суд. Паседжанне прызначанае на чацвер, 17 жніўня, 10:00, у будынку суда Савецкага раёну, кабінет №13.
«Буду рыхтавацца. Прывыклі яны нападаць на тых, хто адказаць не можа. У гэты раз усё будзе па-іншаму», — кажа былы палітвязень.