Журналістка прыйшла ў суд з пятлёй на шыі
У суд Гомельскага раёну Ларыса Шчыракова прыйшла з вяровачнай пятлёй на шыі.
У ліпені на Шчыракову міліцыя склала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ.
Міліцыянты склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомелі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспект Рэчыцкі — Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёна і ўпраўлення архітэктуры горада мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджан. Пра гэта Ларыса Шчыкарова зняла відэа і размясціла на платформе відэахостынгавай кампаніі Youtube, некаторыя здымкі тэлеканал “Белсат” скарыстаў у сюжэце: “Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго”.
Шчыракова адмовілася даваць тлумачэнні суду, бо лічыць, што гэта бессэнсоўна: яе штрафуюць паводле артыкулу 22.9 КаАП, хаця гэты артыкул і прадугледжвае адказнасць для юрыдычных, а не фізічных асобаў.
Суддзя Андрэй Сусла, заслухаўшы аднаго сведку (гэта быў выкладчык універсітэта, які даваў каментар у відэасюжэце), абвясціў перапынак у працэсе да 9 жніўня: выклікалі дадаткова яшчэ двух сведак — героя сюжэту і міліцыянта, які складаў пратакол.
Падтрымаць журналістку Ларысу Шчыракову ў судзе прыйшлі больш за два дзясяткі чалавек.
Сёлета Ларысу Шчыракову ўжо тройчы штрафавалі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Яшчэ адзін пратакол датычны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Рагачове, дзе Шчыракова асвятляла масавы пратэст супраць “дармаедcкага" дэкрэту № 3.
Агульная сума штрафаў склала 2 576 рублёў.