Марыну Адамовіч за акцыю 3 ліпеня аштрафавалі на 920 рублёў
Марыну Адамовіч у Ленінскім судзе Мінска 4 жніўня асудзілі за несанкцыянаваную акцыю 3 ліпеня.
![Марына Адамовіч на акцыі 3 ліпеня 2017 г. Марына Адамовіч на акцыі 3 ліпеня 2017 г.](/img/v1/images/media_share_0_02_05_1288fbb7e3e8742a53fd53261497d216996b41751d154debe7c7cbe39b16dfff_d2785209_ab5d_4c63_83e9_46479e62f93d_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Марына Адамовіч на акцыі 3 ліпеня 2017 г.
Як паведаміў яе муж, вядомы апазіцыянер Мікалай Статкевіч, суддзя Асіпенка прызначыў Адамовіч штраф у 920 рублёў (40 базавых велічыняў).
"У Ленінскім судзе Мінска судзілі маю жонку. За ўдзел у святкаванні гадавіны вызвалення Мінска ад гітлераўцаў. Прызначаны рэжымам "суддзя" Асіпенка даў ёй 40 базавых велічынь штрафа (каля 500 даляраў).
Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Марыну, убачылі на дошцы аб'яў, што ў тым жа судзе і ў той жа час "суддзя" Кавяка павінен быў судзіць і мяне. Мабыць, таксама за свята вызвалення ад гітлераўцаў", — напісаў у Фэйсбуку Статкевіч.
На акцыю "За мірную Беларусь" на Кастрычніцкую плошчу сталіцы 3 ліпеня выйшлі некалькі соцень чалавек. Яны прайшлі да Чырвонага касцёла, дзе на невялікім мітынгу выступіў Мікалай Статкевіч.