Эканамічны суд Брэсцкай вобласці абавязаў блогераў выдаліць сюжэт-расследванне з канала YouTube

Размова ідзе пра відэаролік пад назвай «Дынамаўская афера», які быў змешчаны на YouTube у лютым 2017 года блогерам Сяргеем Пятрухіным і актывістам Руху «За Свабоду» Дзянісам Турчаняком.

789_0.jpg

Відэаролік тычыцца лёсу зямельнага ўчастка, які быў прадастаўлены Брэсцкім гарвыканкамам у арэнду УП «Дынама Цэнтр». Аўтары расследавання выказалі меркаванне, што гэтае прадпрыемства атрымала зямлю ў брэсцкім мікрараёне Кавалёва бескаштоўна праз ценявыя схемы.
Цяпер на згаданым участку пабудавана крама гандлёвай сеткі “Рублёўскі”, а дынамаўская структура дачынення да яго не мае.
Аўтары відэароліка лічаць, што УП «Дынама Цэнтр» распарадзілася зямельным участкам, атрыманых на льготных умовах, няслушна, нерацыянальна і насуперак першапачатковым мэтам. «Шэраг нібыта законных і правамерных дзеянняў ператварыліся ў карупцыйную схему», — распавядаецца ў сюжэце.
Вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства «Дынама Цэнтр», заснавальнікам якога з’яўляецца Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама», не пагадзілася з высновамі блогераў і накіравала заяву ў суд. У зыску было выказана патрабаванне забараніць распаўсюд відэароліка, абавязаць аўтараў абвергнуць пададзеныя ў сюжэце звесткі, а таксама кампенсаваць выдаткі па аплаце дзяржаўнай пошліны.
Спачатку зыск быў накіраваны ў суд Ленінскага раёна Брэста, але там вырашылі, што гэтая справа непадсудная агульнаму суду, бо закранае сферу прадпрымальніцкаq дзейнасці.
Пасля гэтага аналагічная заява была дасланая ў Эканамічны суд Брэсцкай вобласці. Падчас разбіральніцтва былі прадстаўлены дадатковыя дакументы, да якіх адказчыкі не мелі доступа падчас свайго расследвання.
«Канешне, зараз некаторыя выказванні ў відэароліку можна была не выкарыстоўваць, бо фармальна яны не адпавядаюць сапраўднасці», — кажа Дзяніс Турчаняк, аднак удакладняе, што гэта не тычыцца ўсяго роліка.
Разам з тым адказчыкі па-ранейшаму ўпэўнены, што спосаб атрымання зямльнага ўчастка без аукцыёна ня быў у інтэрэсах дзяржавы, і нанёс шкоду гораду Брэсту, бюджэт якога не атрымаў прадугледжаны даход.
У выніковым рашэнні намеснік старшыні Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Ніна Дзяркач абвесціла, што інфармацыя ў расследаванні Сяргея Пятрухіна і Дзяніса Турчаняка не а адпаведнымі рэчаіснасці, ганіць дзелавую рэпутацыю УП «Дынама Цэнтр» і аўтарам відэароліка забаронены яго распаўсюд «на любых рэсурсах сеткі інтэрнэт». Акрамя таго, Пятрухін і Турчаняк мусяць змясціць абвяржэнне згодна з тэкстам, прапанаваным ініцыятарам зыску.
Самі аўтары відэароліка кажуць, што падчас судовых слуханняў атрымалі новыя матэрыялы, на якія не маглі нават разлічваць, калі рыхтавалі свой сюжэт. Таму зараз яны плануюць абмеркаваць атрыманыя дакументы з прадстаўнікамі грамадскасці Брэста і рыхтаваць новы відэасюжэт на гэтую тэму.
Паводле baj.by