Мінабароны Беларусі абвяргае перакідку расійскай танкавай арміі ў Беларусь

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае заявы расійскіх калег пра перакідку ў Беларусь падраздзяленняў 1-й танкавай арміі Заходняй ваеннай акругі для ўдзелу ў вучэннях «Захад-2017». Пра гэта журналістам tut.by заявіў прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Уладзімір Макараў.

tanki_1409.jpg

Па яго словах, усе расійскія падраздзяленні, якія ўдзельнічаюць у вучэннях «Захад-2017», ужо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і пачалі выконваць свае задачы ў рамках вучэнняў.
Мінабароны Беларусі кансультуецца з расійскімі калегамі наконт заявы Мінабароны суседняй дзяржавы.
Зранку 14 верасня Мінабароны Расіі заявіла, што пачалася адпраўка ў Беларусь падраздзяленняў Заходняй ваеннай акругі (ЗВО), якiя ўдзельнічаюць у сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017». У прыватнасці, у Беларусь адправіліся танкавыя падраздзяленні з Падмаскоўя. «Вайскоўцы танкавага злучэння, дыслакаванага ў Падмаскоўі, былі паднятыя па трывозе і прыбылі на станцыі пагрузкі», — паведамляецца на сайце Мінабароны Расіі.
Вучэнні «Захад-2017» пачаліся 14 верасня і працягнуцца да 20-га.
Паводле Еўрарадыё